Warning: Illegal string offset 'name' in /var/www/gapeev/data/www/gapeev.brest.by/2z/core.php on line 143

Strict Standards: Only variables should be passed by reference in /var/www/gapeev/data/www/gapeev.brest.by/2z/includes/news.php on line 83

Strict Standards: Only variables should be passed by reference in /var/www/gapeev/data/www/gapeev.brest.by/2z/includes/news.php on line 155

Strict Standards: Only variables should be passed by reference in /var/www/gapeev/data/www/gapeev.brest.by/2z/includes/news.php on line 476
Беларуская проза : УРОКІ ПЕРШАГА КАХАННЯ : Усё цудоўна, або Урок бяспечнага кахання (3)
     
    Беларуская сучасная літаратура
    Проза для дзяцей і падлеткаў
    Валерый Гапееў
   
  Галоўная Рublish Пра сябе    
     
 
Пошук
 
Беларуская проза
 
Тое-сёе...
 
Апошнія запісы
 
Просто записки
 
Апошнія каментарыі
 
Усё цудоўна, або Урок бяспечнага кахання (3)
Яшчэ адзін сноп святла ад шашы накіраваўся да іхняга кастра - сюды звярнуў аўтамабіль. Размова не працягвалася - уся ўвага была скіравана да аўтамабіля. Гадалі, хто там можа быць.
- Зараз сюды збярэцца не толькі дзесяты клас, але і ўсе бацькі яго вучняў.
- А потым і дырэкцыя школы з настаўнікамі ў поўным складзе.
- На ўсіх дакладна кавы не хопіць.
- Дарэчы, дровы заканчваюцца, - звярнуў увагу Сашка на касцёр.
- Дык колькі вы тут збіраецеся сядзець? - спытала маці Галінкі.
- А мы, мама, хочам сустрэць світанне, - адказала спакойна Галінка. - Сонца будзе ўзнімацца прама над горадам. А заўтра ж нядзеля, адаспімся…
Пад'ехаў аўтамабіль. З яго выйшаў адзін мужчына і адразу ўстрывожана гукнуў:
- Таня, Танечка!
Таня ўздрыгнула, потым сцялася. Яна не ведала, што адказаць, як сябе павесці - яе клікаў яе бацька. У голасе дарослага мужчыны гучаў не проста страх - сапраўдны боль, і гэты боль Таня пачула. У нейкі момант яна раптоўна зразумела, што калі бацька менавіта вось зараз не пачуе, як яму адгукнецца яго дачка, з ім, з бацькам, можа адбыцца нешта страшнае. Непапраўнае. І таму Таня голасна, імкнучыся, каб атрымалася бадзёра, каб ніхто і не заўважыў больш страху ў бацькавым клічы, гукнула, устаўшы з месца і памахаўшы рукой:
- Я тут, тата!
Таня заўважыла, як сапраўднай хваляй спаў цяжар невядомасці з постаці бацькі. Ён паспяшаўся да кола дзесяцікласнікаў, сеў побач з дачкой (Сашка здагадаўся адсунуцца ўбок, каб даць мужчыне месца).
- Божа ты мой, - выдыхнуў бацька, не стрымаўся, лёгка прыгарнуў Таню да сябе, і той стала крыху няёмка ад такой ласкі перад усімі. Ад бацькі патыхала гарэлкай, цыгарэтным дымам і танным адэкалонам.
- А я тут… - няўклюдна пачаў як апраўдвацца бацька, павярнуўшыся да класнай і завуча. - Значыць, на гулянцы мы былі, юбілей адзначалі. Вярнуліся - няма Тані дома. І мабільнік нешта маўчыць… А я глянуў праз акно - а ў Чарэмшані агеньчык свеціцца. От, думаю, дзе ўсе падзеліся… А тут мабільнік не бярэ, праўда?
- Усё тут бярэ, - азвалася маці Галінкі. - Яны спецыяльна мабільнікі павыключалі. І вырашылі тут нас судзіць, - закончыла яна з крыўдай і выклікам.
- Ну, судзіць то трэба, - нечакана ахвотна згадзіўся бацька Тані, агледзеў уважліва твары яе аднакласнікаў. - Толькі вы, дзеці, павінны ўмець дараваць нам, дарослым.
- Ого! - выгукнуў Юрка. - А вы нам - не?
- Дык мы вам і так даруем… А вы, гэта, улічыць павінны, што мы не разумеем многага. Час мяняецца так хутка, не паспяваем мы… Ну, і другім разам… так вось выходзіць, не тое робім…
- Скажам так, - закончыла гэтую думку завуч. - Мы не заўсёды адэкватна рэагуем на паводзіны і дзеянні нашых дзяцей. Гэта хацелі сказаць?
- От, як разумны чалавек, то і скажа разумна, - заўсміхаўся нацягнута бацька Тані.
- Усё добра, тата, - ціха прагаварыла Таня. - Не трэба больш нічога казаць.
- Ага, я ўсё, усё, - паспяшаўся згадзіцца бацька. - Я адыду, пакуру ўбаку, - бацька устаў, крануў за руку Сашку і, нічога не кажучы, моцна паціснуў вышэй локця. І адышоўся ўбок, прысеў на кукішкі, закурыў.
Да кастра нячутна падышоў малады хлопец - Таня пазнала і таўханула Сашку:
- Глядзі, то ж твой Віктар майго бацьку прывёз. Ён не цябе выглядвае?
- Мяне, - Сашка ўзняўся, падышоў да старэйшага брата.
Разам яны адышліся на колькі крокаў.
- Ну, там было, - пакруціў галавой Віктар. - Не ведаю, як тут бацька з Таняй будзе дамаўляцца. Усё нармальна?
- Тут усё чыкі. А што такое? - насцярожыўся Сашка.
- Ды я якраз пад'ехаў. Чую - вяртаюцца бацькі Тані. Маці яе ідзе і бурчыць, маўляў, гадаўка, не адказвае па тэлефоне, вокны цёмныя, значыць на танцульках, заб'ю, раздзяру, пакажу яшчэ, што ў сумачцы носіць…У кватэру ўзняліся - і чуваць было, як там бацька закрычаў… Ён мне расказваў, што як толькі зайшоў, нешта, кажа, пад дых ударыла. Дачку кліча - ніхто не адгукаецца. Ён у пакой Танін - а там акно насцеж. Выскачыў з пад'езда - крычыць, гукае. Я клікнуў, кажу, я ж іх у Чарэмшань адвёз. Ён як абмяк. У машыну сеў, кажа: калі хоць драпіну на дачцэ пабачыць…
- Ты што? Ён на мяне наехаў!? - вылупіў вочы Сашка.
- Ты не крычы! Я таксама завёўся, кажу, як не сорамна, хіба мы заслужылі, каб на нас дрэнь казалі. А ён кажа, то не вас - цябе і мяне, значыць, тычыцца. То - жонкі. Ну, я яму адразу сказаў, што ў Тані сіняк на твары, выцялася аб дзверы, як упала…
У гэтую хвіліну да іх падышоў бацька Тані.
- Я… гэта, Сашка, я за Таню, як ты з ёй, спакойны, то ты мяне, Віктар, завязі назад. Выпіўшы я трошкі, тут настаўніцы… Пакуль Таня вернецца, трэба пагаварыць…
Сашку як штурхнула што, хоць адчуваў, што не мае права на тое, аднак сказаў:
- Вы выбачайце, але з Тані сёння адной трагедыі дастаткова. Вы яшчэ там дома што ўчыніце, а ёй што потым рабіць? Да чужых людзей ісці? - і замаўчаў, сам уражаны сваёй смеласцю.
Мужчына ў адказ горка ўсміхнуўся.
- Лады, Сашка, нічога не будзе, ніякіх разборак. Праўда… Верыш?
- Веру, - разгубіўся Сашка, калі бацька Тані працягнуў яму руку.
- От і добра. І я табе веру, - мужчына паціснуў Сашку руку. - Паехалі, Віктар…
Сашка падышоў да кастра, сеў на сваё месца - ля Тані.
- Усё будзе добра, - ціха шапнуў ён ёй.
- Мне тое ж тата сказаў… - адазвалася Таня. - Ён не сказаў "прыходзь дамоў", ён проста ўявіць не можа, што я не прыйду. А я не ведаю, як з маці сустрэцца…
- У цябе талковы стары, - упэўнена сказаў Сашка. - Усё будзе добра, пабачыш.
Загаварыла класная:
- Калі абвінавачванне закончылася, здаецца, слова даецца абароне, так?
- Так, Вольга Фёдараўна!
- Тады я пачну. Ведаеце, вось вы заўважылі, што я, як матэматык, логіку вельмі люблю. І пакуль тут Юрка і астатнія выстройвалі свае абвінавачванні, я контраргументы рыхтавала. Але адкінем убок гэтыя аргументы. Хочаце, прызнаюся? - зусім па-юнацку бліснула вачыма Вольга Фёдараўна.
- У чым?
- Прызнавайцеся, вам даруем.
- Дык вось, калі мне было шаснаццаць, быў і ў мяне такі амаль выпадак. Пачула я ад сваёй маці далёка не самыя прыгожыя словы пра сябе. Без прычыны. Без падстаў. І так я абурылася… Як і вы сёння. І вось у мяне сёння дачушка дзесяцігадовая. Цяпер я разумею сваю маці… І я прабачыла ёй цалкам тую сваю крыўду.
- Не трэба думаць пра нас так… - пачала маці Галінкі, калі класная замаўчала. - Мы не таму на вас крычым, што думаем пра вас дрэннае. Нам проста страшна ад уяўлення, што тое дрэннае можа з вамі здарыцца. Наслухаешся жудасных навін па тэлевізары, начытаешся крымінальнай хронікі - так страшна за вас робіцца. Вось і не стрымаешся, як адно хоць дзе нейкая пагроза з'явіцца…. Ну няўжо вам не зразумела, як нам бывае балюча? Думаеце, лёгка маці перанесці, калі не ведаеш, што з дзіцём яе? Вы нас судзіць сабраліся, а самі хіба прыгожа зрабілі? Эксперымент над бацькамі паставілі… Эх, дзеці… Жорстка гэта. Вельмі жорстка. І балюча. Але, шчыра кажу, і я вінаватая, - закончыла яна з ноткамі апраўдання, якія, усе зразумелі, былі адрасаваны да Галінкі.
- Так, сябры мае… Усе абвінавачванні я прымаю, - цвёрда сказала Вера Андрэеўна. - У сваё апраўданне магу сказаць толькі адно: усё, што залежыць ад мяне, заўтра ж зраблю. Найперш загадаю зняць тыя плакаты, у якіх сапраўды ідзе непрыхаваная і прыхаваная рэклама прэзерватыва, дзе гучыць "адзін палавы партнёр", а не "каханы чалавек". Далей, пры правядзенні падобных мерапрыемстваў буду наперад сама цікавіцца зместам лекцый урачоў, якія, здагадваюся, адно перапісваюцца з тоўстых спецыяльных часопісаў і нам чытаюцца. Зраблю ўсё, што ад мяне залежыць, каб у такіх лекцыях акцэнт рабіўся на тыя самыя каштоўнасці, аб якіх вы гаварылі. Яшчэ… Звярнуся з прапановай у аддзел адукацыі, каб правялі семінар для настаўнікаў, якія выкладаюць дысцыпліны, дзе сустракаецца бяспека СНІДу. Выступлю там з прапановай праводзіць урокі не толькі па напісаным у падручніку…
- І нешта зменіцца? - недаверліва спытаўся Юрка. - Што можа адзін завуч школы?
- Ну, яшчэ, Юрка, групай педагогаў, не толькі з нашай школы, рыхтуецца пісьмо ў міністэрства. У гэтым пісьме мы ўздымаем прыкладна тыя ж пытанні, што і вы. Дзякуй за сённяшні ўрок - вы падказалі нам, наколькі сур'ёзна паўстала праблема. Мы запатрабуем перагляду тэматыкі і акцэнтавання ў правядзенні антыСНІДаўскай прафілактыкі ў школе.
- Дык, атрымліваецца, вы таксама бачыце, якую дрэнь нам падсоўваюць, і ўсё роўна робіце? - разгубіўся Сашка.
- Не ўсё так проста, Сашка, - адказала за завуча класная. - У педагогіцы адным штуршком нельга нешта рабіць. І потым, ёсць яшчэ пытанні…
- Якія пытанні?
Класная прамаўчала, за яе адказаў бацька Мэры:
- Той, хто плаціць, той і заказвае музыку, - са скрухай адзначыў ён. - Вось Мэры расказвала… А хто той семінар арганізоўваў? На чые грошы ў лепшай гасцініцы семінарыстаў пасялілі? На чые грошы іх кармілі? Той, чые грошы, - той і вырашаў, што ў рабочую папку класці.
- А калі мы пачынаем упарціцца, нас абвінавачваюць тут жа ў ханжастве, у адсталасці, а то і ў парушэнні самых розных дамоўленасцяў, - закончыла маці Галінкі. - Вось так, дзеці…
Памаўчалі.
- Ну, які выносіцца прысуд? - усміхнулася крыху трывожна класная.
Зноў у цэнтр скочыў Юрыс, зноў разгарнуў уяўную папку.
- Высокі суд, паслухаўшы паважаныя бакі і разгледзеўшы сабраныя доказы і факты, прымае рашэнне: выраб з высакаякаснага латэксу, які, будучы надзьмутым, па форме нагадвае дзіцячы паветраны шарык, пад назвай "прэзерватыў" прызнаць вінаватым і вынесці яму пакаранне ў выглядзе спалення на кастры прынародна згодна з цырыманіялам "молата ведзьмаў"! Кат, ты дзе там, заснуў? Усё гатова?
- Гатова, - адказаў за яго спінай Лёшка, выйшаў і стаў побач з ім, трымаючы ў руках вялікую сукаватую палку.
На кожны сучок гэтай палкі былі нанізаны знаёмыя бліскучыя пакецікі. Штук сорак. Гэта ж трэба - сядзелі і рабілі, ужо заранёў прыдумаўшы "суд".
- Прысуд прывесці ў выкананне!
Усе маўчалі, ніхто не перапыняў Юрыса з Лёшкам.
А Лёшка падышоў бліжэй да кастра, працягнуў палку ў агонь. Успыхнуў адзін, другі пакецік.
Юрыс тэатральна адставіў нагу ўбок, гучна, але няўпэўнена стаў дэкламаваць:
- Хай знікнуць ворагі нашы, як дым ад кастра, разляцяцца, як … як воск… - запнуўся, з просьбай павярнуўся да Сяргея: - Ну, падкажы, ты ж неяк так прыгожа казаў, я не паспеў усяго запомніць... Кат, прыпыніся, не палі ўсё! - кінуў ён Лёшку.
- Цю, дурніца ты, тое ж малітва, - усміхнуўся шчыра Сяргей.
- Ну, то скажы!
- Ого, Сяргей, ты малітву ведаеш?
- Ведаю… маці чытала нада мной перад сном… Як хварэў…
- А пачытай нам!
Сяргей нечакана хутка ўстаў, выйшаў да кастра, стаў побач з Юрысам. Лёшка зноў паднёс "ахвяру" да агню, успыхнулі яшчэ пакецікі.
- Ды ўваскрэсне Бог, і раскідаюцца ворагі Яго, і бягуць ад твару Яго ненавідзячыя Яго. Як дым ад кастра ды знікнуць, як растае воск ад твару агню, так згінуць д'яблы ад твараў любячых Бога і пакрываючых сябе крыжовым сімвалам і ў радасці кажучых: радуйся, чысты і жыватворны крыж Гасподні, праганяй д'яблаў сілаю на табе распятага Госпада наша Іісуса Хрыста, які ў пекла сышоў і перамог сілу д'ябальскую і падарыў нам Крыж свой чысты на прагнанне ўсякага ворага… Амінь.
На Сяргея глядзелі, як на незвычайны цуд. Уразілі словы, якія ён казаў, уразіў сам ён - нечакана пасвятлеўшы тварам, са шчырым позіркам. І не магло не ўразіць тое, што Сяргей - іх маўчун Сяргей - ведае не што-небудзь, а сапраўдную малітву.
Нават "кат" - Лёшка застыў з палкай над кастром, не ведаючы, што рабіць далей: кідаць у агонь яе ці яшчэ пачакаць…
- Так, хвілінку, хвілінку, - пачулася з кута.
То Віктар нешта пісаў у маленькім блакноціку, цягнучы руку ўгару.
- Сяргей, гэта фенаменальна! Я такіх слоў ніколі не чуў, - у захапленні загаварыў ён, устаючы з нататнікам са свайго месца. - Якая паэзія! Э-э-э-е, я тут дазволіў сабе невялікі перафраз, шаноўнае спадарства, ацаніце працу вашага сціплага паэта. Так, Лёшка, кідаем палку пасля майго "амінь". Слухаем…
Віктар выйшаў да кастра, Сяргей тым часам сеў на месца. Віктар паказальна пакашляў і пачаў у поўнай цішыні:
- Ды ўваскрэсне каханне, і знікнуць ворагі яго! Як рассейваецца дым кастра, так знікне пошласць, як растае воск ад агню, так прападзе цынізм…
Віктар чытаў, пазіраючы адным вокам у невялікі лісток, чытаў сур'ёзна, з той адказнасцю, з якой чытаў свае вершы на школьным вечары паэзіі. Нават і перафразаваныя радкі віктаравай "малітвы" мелі нейкую ўнутраную ўзнёсласць, глыбінную моц, і вакол кастра ўсталявалася не проста цішыня - засяроджаная ўвага. А Віктар працягваў:
- Ды знікнуць здрада і разлік перад светлымі тварамі закаханых, ды згіне двурушніцтва ў полымі вернасці. Радуйцеся, каханыя, радуйцеся, тыя, хто кахае: ад сёння і да веку з вамі сіла і моц, святло і цяпло, чысціня і радасць Кахання. У цемру акіяна сышоўшае, перамагло яно холад глыбінны і выйшла на паверхню лёгкай пенай марской, каб падарыць закаханым веру ў светласць душ чалавечых, каб знішчыць давеку бруд жывёльны і наталіць закаханых чысцінёй адносінаў і адкрыць ім ісціну жыцця зямнога. І знікне смерць сама перад тварам Кахання, бо само Каханне ёсць жыццё! Амінь!
- Амінь! - голасна выгукнуў Лёшка і кінуў нарэшце цалкам сук з нанізанымі пакецікамі прэзерватываў у касцёр.
- Амінь! - няхай і не зусім зладжана, але прагучала гучнае ўсіх адразу аднакласнікаў, якія, падпарадкуючыся не агучанаму нікім закліку, узняліся з месца, стаялі і глядзелі ў агонь. А ў полымі кастра курчыліся пакецікі з прэзерватывамі, успыхвалі, і дым стаў смярдзючым …
- Ух ты, спектакль атрымаўся, - у захапленні сказаў Юрыс. - Віктар, табе тэрмінова трэба пераходзіць на прозу. Ніяк не чакаў, што падобную бязглуздзіцу я буду слухаць, рот адкрыўшы.
- Сам ты бязглуздзіца і недарэчнасць, - без злосці, з усмешкай адказаў Віктар. Яму было прыемна гэтае трохі няўклюднае прызнанне Юрыса.
- Віктар, малайчына, - выгукнуў нехта з дзяўчат і запляскаў у ладкі. Дзяўчыну падтрымалі, і на паляне ці не авацыя атрымалася.
І Віктар засаромеўся. Ён крутнуўся раз і другі, пазіраючы ў твары аднакласнікаў, і вочы яго нечакана заблішчэлі.
- Ды ну вас… - паспрабаваў ён адмахнуцца, а потым шчыра схіліў галаву ў паклоне. - Дзякуй… Першы раз адчуваю сапраўдную ўдзячнасць і адначасова гордасць за свае словы…
Гэтымі дзвюма малітвамі нібыта была падведзена нейкая рыса. Яе адчулі ўсе, і таму ніхто не здзівіўся словам класнай:
- Ну ж, сябры мае… Я хачу вам прапанаваць наступнае, - пачала Вольга Фёдараўна. - Давайце не парушаць традыцый. Звычайна і традыцыйна світанне сустракае клас разам з класнай адзіны раз за школьнае жыццё - у апошні свой школьны дзень, на развітанне са школай. Давайце прыйдзем сюды на наш выпускны. У нас яшчэ год наперадзе, і нам праз год тут будзе што ўспомніць. А цяпер давайце пойдзем дахаты…
- Каву дапілі, сасіскі даелі… - падтрымала яе Каця. - Пайшлі паціху, бо на гадзінніку толькі гадзіна ночы, а да світання яшчэ чатыры. Ды і холадна робіцца. А мы так апранутыя… Замерзнем і спаць ужо хочацца. Пайшлі?
- Пайшлі… Усяго цікавага патрохі… Ага, каб перабору не было…
- Так, пасяджэнне штаба па нармалізацыі палавых адносінаў аб'яўляецца закрытым! - аб'явіў Юрыс. - Практычныя заняткі па бяспецы сексу прайшлі на самым высокім узроўні. Хто чаму не навучыўся - калі ласка, заўтра сюды, наш стараста дасць дадатковыя інструкцыі.
Шумна ўзнімаліся з месцаў, выходзілі на дарогу.
- А той прэзерватыў ні ў чым і не вінаваты. Просты сродак і больш нічога - са скрухай заўважыў Юрка.
- Нічога, затое мы прадэманстравалі, наколькі блізка нашы думкі да думак тых англійскіх рабочых, якія ламалі першыя аўтаматычныя станкі, - з'едліва дадаў Сяргей.
Ён адзін заставаўся сядзець, не варухнуўшыся.
- А ты, Сяргей, начаваць застаешся? - насцярожылася класная.
- Так, Вольга Фёдараўна, я застаюся, - ціха адказаў Сяргей. - Ды вы на мяне не зважайце, дома ведаюць, са мной тут нічога не здарыцца. Не турбуйцеся…
Палова аднакласнікаў ужо адышлася ад кастра. Сашка прыпыніўся, паглядзеў на Таню.
- Цябе праводзіць? Я б з Сяргеем застаўся…
- Добра, заставайся, мы з Кацяй дойдзем, нашы ж дамы побач… Дзякуй табе…
- Заўтра падзякуеш, - усміхнуўся ёй Сашка, павярнуўся да Сяргея: - Ты не супраць - я таксама яшчэ пасяджу…
- Сядзі сабе…
- То і я з вамі, - прысеў на бервяно Юрка Хаванскі.
Класная разгубілася.
- Хлопчыкі, так нельга. Я не магу вас тут адных пакінуць…
- Чаму? - шчыра здзівіўся Юрка. - Не хвалюйцеся. Усё добра. Мы не збіраемся піць тут гарэлку ці думаць, як абрабаваць магазін. За кампанію вось з Сяргеем пабудзем. Мы дарослыя і цалкам самастойныя.
- Калі ісці, то ўсім трэба ісці! - цвёрда заявіла Вольга Фёдараўна.
- А то я таксама застануся тут, - не змаўчала завуч, бачачы, што класнай не справіцца з хлопцамі. - А калі я праз паўгадзіны не буду дома, мяне пачне шукаць мой муж. Раўнівы, трэба сказаць, чалавек…
Хлопцы прыснулі, потым Сашка ціха сказаў:
- Няма сёння куды ісці Сяргею. Яго бацька не пусціць у кватэру…
- Чаго ты лезеш? - раптам злосна закрычаў Сяргей. - Я цябе не прасіў! І ўвогуле, ідзіце адсюль. Чаго вы прычапіліся? Не трэба мне вашай увагі і дабрыні. Ні раней, ні цяпер. Абыдуся.
- Чаго ты псіхуеш? - абурыўся Сашка. - Сам казаў, цяпер капрызіш, як дзяўчынка. Я таксама ведаю, што такое бацька п'яны.
Ля кастра цяпер заставаліся толькі класная, завуч, Юрка, Сашка і Сяргей.
- Слухай… - загаварыў Сяргей праз сціснутыя вусны да Сашкі. - Калі табе незразумела, я патлумачу: у мяне ўсё чыкі-чыкі. І тое, што я тут казаў, казалася дзеля таго, каб супакоіць Таню. Калі чалавеку кажаш аб сваім няшчасці, то яго асабістая бяда ў яго вачах меншае. Я ўсё прыдумаў. Зразумеў?
- Зразумеў, - разгублена працягнуў Сашка, бездапаможна азіраючыся на класную і Юрку. - Ну… тады пайшлі…
- Я вельмі мала што зразумела, але я думаю, што нам усім пара ісці ў горад, - сказала Вера Андрэеўна.
- Сяргей, ну я цябе асабіста прашу: пойдзем. Правядзі мяне дахаты, - папрасіла Вольга Фёдараўна. - Ты мяне сёння так уразіў… Хацелася б з табой пагаварыць.
- Добра, хадземце, - нечакана згадзіўся Сяргей.
У горад вярталіся шумнай талакой.
Таніна сэрца шалёна тахкала, калі яна адкрывала кватэру. Было ціха. Яна прайшла ў ванную, памыла рукі, баючыся зірнуць у люстра. Нарэшце паглядзела. Не, не жахнулася. Ёй здавалася, што твар яе куды больш страшны. І тое, што яе твар ужо бачылі ўсе аднакласнікі і ведаюць прычыну - тое было значнай палёгкай. Не трэба нікому нічога расказваць ці выдумляць.
На кухні паставіла ў шклянку букет чаромхі, прайшла ў свой пакой, не ўключаючы святла, распранулася, лягла ў ложак.
І амаль адразу ж рыпнуў ложак у спальні бацькоў, пачуліся ціхія крокі.
Таня сцялася, сэрца закалацілася пад самым горлам, аж дыхаць стала цяжка.
Маці асцярожна прычыніла дзверы, падышла да канапы, апусцілася на калені і прыпала тварам да Тані:
- Даруй мне, дачушка, - выдыхнула яна і плечы яе затрэсліся.
Таня ляжала здранцвелая, не можачы дыхнуць. Толькі адчула, як са шчакі маці на яе шчаку ўпала сляза.
- Даруй, даруй… - прашаптала маці яшчэ раз, лёгка кранаючыся вуснамі твару Тані.
І выйшла, не чакаючы адказу.
…Не спалася. Размовы ля кастра стаялі ў галаве, валасы, насычаныя пахам чаромхі і кастра, шчодра аддавалі свае пахі пакою. Здавалася, яна яшчэ ўсё там - на паляне ў Чарэмшані.
Таня ціхенька ўстала, падышла да акна.
Далёка ў цемры свяціўся агеньчык кастра.
Таня здзівілася - яна бачыла, што іх касцёр ужо амаль дагарэў, калі яны збіраліся вяртацца ў горад. Нейкі час яна глядзела на агеньчык, і ёй падалося, што ў зменлівым святле яна пабачыла нейкі цень. Але адмахнулася ад думкі - немагчыма было адсюль нешта разгледзець. Яна лягла і заснула хутка, быццам сон не ішоў да яе менавіта таму, што яна не зірнула з акна на той агеньчык, не развіталася з ім…
Ранак быў цудоўным. Сонца вялікім, барвовым плоскім дыскам павольна ўзнімалася над горадам. Сяргей папаліў усе дровы, касцёр даўно патух, сівая куча попелу ўжо не грэла. Хлопец перацепваў плячыма, глядзеў, як уздымаецца сонца. Потым узняўся, зрабіў некалькі энергічных узмахаў рукамі - каб сагрэцца. Акінуў позіркам касцёр і рашуча пайшоў на дарогу.
На пустой шашы ён пастаяў колькі секунд, паглядзеў у абодва яе бакі. Павярнуўся і пайшоў. Убок ад горада, туды, куды павольна ўзнімалася шаша - насустрач узыходзячаму сонцу.
Сяргей ведаў, што ісці яму доўга, што наўрад ці трапіцца ў такую рань якая спадарожная машына. Але ён не перажываў. Бо ведаў дакладна: шлях гэты будзе пройдзены і адыдзе ў мінулае, як адышлі ў мінулае ўчарашняя сварка з бацькам, незвычайны вечар з аднакласнікамі, размова з класнай, калі ён праводзіў яе дадому, яго адзінокая ноч ля кастра. Усё мае пачатак і завяршэнне. І гэта дарога, якая толькі пачалася, закончыцца праз колькі гадзін ля бабулінага парога.
Нічога, што доўга ісці. Затое насустрач сонцу.

  Каментарыяў: 8 | Праглядаў: 10190 | распечатать

Раздзел: УРОКІ ПЕРШАГА КАХАННЯ |
  (1.03.2009 - 14:02) цитировать
 
 
  Дзякуй!
Жыць лягчэй, калі ведаць, што нас нехта разумее.
ПоспехаСћ!
Ответ от Valeriy
Узаемны дзякуй!
 
 
 
  (1.03.2009 - 18:20) цитировать
 
 
  чытаСћ раней, шкада, шгто не пакінуСћ водгук, хоць хацелася. А цяпер прынеслі мне артыкул у Ліме пра гэту аповесць.
АСћтару, не свяртайце Сћвагі - такія вечна будуць плакаць, што усе беды ад маладых.
Аж смешна - мы тут намялваны ідэалістычна, быццам у 70-я... выходзіць, яны тады мелі права быць ідэальнымі і рамантычнымі, а мы сёння - толькі сволачы і секса шукаем...
Ответ от Valeriy
ну, калі нашыя маладыя чытаюць Лім - будзем жыць.
Астатняе - дробязі. Дзякуй.
 
 
 
  (8.03.2009 - 19:07) цитировать
 
 
  Из письма из Минской Епархии

"По благословению Его Высокопреосвященства Митрополита Филарета...
Благодарим Вас за труды, которые Вы совершаете ради сохранения духовного здоровья наших молодых соотечественников. Вы правы в том, что зачастую, преследую благие цели распространения знаний, происходит обратное: разрушение духовного здоровья человека.

Об этом Ваша увлекательная, талантливо написанная повесть. Помимо жизненного содержания в ней замечательно и то, что вы переводите древнюю молитву на белорусский язык, а также на язык достоверного чувства любви...
Референт МЕУ С.Г. Мовсесян.
Ответ от Valeriy
Палічыў за магчымае і патрэбнае выкласці гэты ліст.
 
 
 
  (11.03.2009 - 15:24) цитировать
 
 
  Яйки курэй пачали вучыць.
Ну-ну, и дзе ж такия яйки и якия з их вырастаюць пеуни?
 
 
 
  (15.05.2009 - 19:47) цитировать
 
 
  Вялікі дзякуй за вашу аповесць! Чыталі разам з вучнямі 11 класаў. Дзеці не хацелі дамоў разыходзіцца не дачытаўшы. Пасля доўга абмяркоўвалі. Ніхто не застаўся абыякавым. Было чутно:"Аказваецца і ў беларускай літаратуры ёсць цікавыя творы. Не толькі пра вайну ды пра вёску". Многія падыходзілі, прасілі параіць, што яшчэ можна пачытаць накшталт вашага. Ужо 15 год працую настаўніцай, аднак такую цікавасць убачыла ўпершыню. Дзякуй!
Ответ от Valeriy
І Вам дзякуй вялікі.
Мне не проста вельмі прыемна пачытаць гэты водгук - мне важна яго пачытаць, важна ведаць, што аповесць чытаюць.
Спадзяюся, што і наступны мой твор, як працяг "Уроку", будзе сустрэты з цікавасцю і прыхільнасцю.
 
 
 
  (21.05.2009 - 16:38) цитировать
 
 
  Вельми цикавая аповесць!!! Прыемна,што вы не пакидаеце без уваги праблемы сучаснай моладзи.Вялики дзякуй!!!
 
 
 
  (8.05.2010 - 17:43) цитировать
 
 
  Поздравляю всех с 9-м мая!

 
 
 
  (13.01.2012 - 17:41) цитировать
 
 
  smile Бывае цяжка сказаць цёплыя словы падзякі, з-за страху, што іх успрымуць як чарговыя і нешчырыя... але я СћпэСћнена, што вы зразумееце) Ваша аповесць уражвае глыбокім псіхалагізмам і разуменнем душэСћнага стану падлетка.... Дзякуй Вам вялікі за яе!!! Думаю Вам будзе цікава даведацца, як іншыя прыходзяць да яе прачытання. Пра Вас я Сћпершыню пачула ад сваёй матулі. Яна працуе школьным бібліятэкарам. На чарговай раённай сесіі бібліятэкараСћ ёй расказвалі пра творы Валерыя Гапееева. Расказ быСћ аб тым, што да працаСћнікоСћ раённай бібліятэкі звярнулася матуля адной з дзяСћчыны з просьбай "прапаганды" вашых твораСћ. Жанчыну здзівіла, што яе дачка, па-першае чытае, па-другое - па-беларуску. Дзякуй, што зрабілі нашую літаратуру прыцягальнай для падлеткаСћ!!! На жаль, у нашым Пружанскім раёне Сћ наяСћнасці толькі адна Ваша кніжка. Ад маёй матулі хачу спытаць Вас: дзе можна набыць Вашыя кнігі? Хочацца, каб пра Вас даведаліся і Сћ нашай вясковай школцы!
 
 
 
 
       
 
Copyright © 2007-2008
Беларуская проза
Ремонт окон в Минске