Warning: Illegal string offset 'name' in /var/www/gapeev/data/www/gapeev.brest.by/2z/core.php on line 143

Strict Standards: Only variables should be passed by reference in /var/www/gapeev/data/www/gapeev.brest.by/2z/includes/news.php on line 83

Strict Standards: Only variables should be passed by reference in /var/www/gapeev/data/www/gapeev.brest.by/2z/includes/news.php on line 155

Strict Standards: Only variables should be passed by reference in /var/www/gapeev/data/www/gapeev.brest.by/2z/includes/news.php on line 476
Беларуская проза : УРОКІ ПЕРШАГА КАХАННЯ : Усё цудоўна, або Урок бяспечнага кахання (1)
     
    Беларуская сучасная літаратура
    Проза для дзяцей і падлеткаў
    Валерый Гапееў
   
  Галоўная Рublish Пра сябе    
     
 
Пошук
 
Беларуская проза
 
Тое-сёе...
 
Апошнія запісы
 
Просто записки
 
Апошнія каментарыі
 
Усё цудоўна, або Урок бяспечнага кахання (1)
"Маладосць", №11, 2008 год.

Ранак быў цудоўным: празрыстым, ціхім, шматабяцаючым. За апошні пахмурны тыдзень сёння сонца паднімалася над купаламі царквы ў блакітным-блакітным, чыстым небе. І людзі былі цудоўныя: твары ветлівыя, ўсмешкі блукаюць.
А яшчэ Тані нешта прыемнае прыснілася-прымроілся. Што - не памятае. Але застаўся ад сну настрой - узнёслы і лёгкі. Значыць, нешта прыемнае сёння здарыцца.
Ды і чаму не здарыцца прыемнаму? Сёння вечарам у школе дыскатэка. Увогуле, вучыцца сёння амаль некалі. 10-А адказны за правядзенне Дня прафілактыкі СНІДу. Цэлы тыдзень малявалі-клеілі плакаты, рыхтавалі матэрыялы для школьнага радыё. Будзе брэйн-рынг па антыснідавай тэматыцы - Таня удзельнічае. Яна многа ўсяго ведае, бо чытае і чытае. Калі яе аднакласнікі па вечарах, адно снег паспеў сысці і прагрэлася паветра, блукалі па вуліцах горада да позняй ночы, то Таня сядзела дома. Сама вінаватая: паддалася ўгаворам маці, што без вышэйшай адукацыі ты не чалавек. Выбралі інстытут для паступлення, факультэт. А там - англійская мова. А з англійскай у Тані… Вось і сядзіць па вечарах, каб падцягнуць саму сябе. Год адно застаўся. Але ж не будзеш толькі англійскай мовай мазгі тлуміць па пяць-шэсць гадзін. Даводзіцца і так што чытаць, калі ад англійскіх тэкстаў пачнуць плыць кругі перад вачыма.
Ды і маці пільнуе Таню. Сорамна ў гэтым прызнавацца, але жыццё Тані, 16-гадовай дзяўчыны, цалкам падпарадкавана правілам і жаданням маці. "Вывучу - тады жыві сваім розумам", - тлумачыць маці ёй самой, калі Таня пачынае прасіць хоць крышачку волі для сябе. "Я за цябе цяпер адказваю, і не ты шкадаваць будзеш, а я, калі што не атрымаецца. Не хачу, каб ты мяне некалі папракала, што не змагла цябе прымусіць вучыцца".
Цудоўны ранак! За снеданнем маці сказала, што Таня можа пайсці вечарам на дыскатэку. Уга, гэта крута! Два гады ніякіх дыскатэк - а тут: "Ідзі сабе, заўтра нядзеля". Ну, прычыны быць спагадлівай у маці ёсць. Таня адпачыць мае права: цвёрдая "9" па англійскай мове, тое ж па рускай. А потым, сама маці з бацькам ідзе сёння на юбілей да сваіх сяброў.
Цудоўна пачаўся дзень: класная, Вольга Фёдараўна, зайшла хвілін за пяць да званка у клас. Сустрэлі яе радаснымі прывітаннямі, а яна пачала раздаваць лісткі паперы з напісанымі пытаннямі - сёння яшчэ лекцыя ўрача, то каб пасля маглі задаваць нешта разумнае.
- Танюша, табе.
Таня лісток узяла і пачырванела.
"У якім узросце дзяўчыне можна пачынаць жыць палавым жыццём?"
- Вольга Фёдараўна, - загаварыла ціха і ўмольна, калі класная раздала ўсе лісткі, - мяне ж на смех узнімуць. Я ж упэўнена, што наш Юрыс тут жа з месца выгукне: "Пракаповіч, табе ўжо можна!". Змілуйцеся, Вольга Фёдараўна!
Класная - яшчэ зусім маладая жанчына. Ёй толькі нядаўна споўнілася трыццаць. Яна - прыгожая, з абаяльнай усмешкай, стан у яе зграбны, яна вышэй сярэдняга росту, крышачку хударлявая. З ёй бывае цікава і весела, яна ведае амаль усе дзявочыя сакрэты - самі расказваюць. Гэта першы яе клас.
Вольга Фёдараўна ўзяла працягнуты лісток, прабегла вачыма.
- А Божухна! - і скамячыла паперку. - Абыдземся і без гэтага пытання.
Цудоўна пачаўся дзень.
Пасля алгебры была фізкультура. І - якая радасць - да дзяўчат у раздзявалку зайшла настаўніца фізкультуры Ніна Пятроўна.
- Дзяўчаты, маліцеся! Я з гэтага дня і да дня апошняга вытрасу з вас усё, што змагу! Так, без формы на стадыёне не з'яўляцца. Хто не з'явіцца ўвогуле - прагул. Скласці кожнай мне вашы асабістыя графікі.
- Ура! - выбухнулі некалькі галасоў, і запляскалі ў ладкі дзяўчаты.
- А ў трусах можна прыходзіць?
- Толькі ў спартыўных. Стрынгі апранайце на дыскатэкі.
- А калі ў мяне праблемы не па графіку? - спытаўся нехта, прыдурваючыся, з дзяўчат.
- Даведку ад урача мне. Вашыя крытычныя дні для вас справа сур'ёзная, і я павінна дакладна ведаць, калі вам што можна, калі не, - без усмешкі адказала настаўніца. - Сачкаваць не выпадзе. Выходзім строіцца.
Было чаму радавацца - папярэдняга настаўніка, невялікага росту мужчыну, Антона Іванавіча, Таня ненавідзела. Ды і не адна яна. Антона Іванавіча не хвалявалі кросы і скачкі, галоўнае практыкаванне, якое павінны былі здаць яму старшакласніцы, - расцяжка на шчыце. Кладзешся на такі шчыт, які падобны на нахілены вуглом уніз ромб, пара дзяўчат цябе падтрымлівае, і ты павінна максімальна шырока раскінуць рукі і ногі, прыціскаючы іх адначасова да шчыта. Антон Іванавіч назірае, не - цікуе, як коршак за куранём. А можа падысці і хапіць аберуч за лыткі, мацней развесці ногі, аж забаліць… І вочы яго… Ух, лепш не бачыць яго вочы - з такой адкрытай пажадлівасцю яны бліскаюць у нейкі момант, што робіцца не проста сорамна - агідна. Хоць спартыўны касцюм на табе, а адчуванне такое, быццам ты цалкам голая. І на цябе, безабаронна распятую на гэтым драўляным шчыце, гэты настаўнік вось-вось кінецца... А калі яму казалі пра свае дзявочыя праблемы, то іншым разам такое мог спытаць, што і маці не пытае. І які гэта разумнік прыдумаў, што ўрокі фізкультуры ў старшакласніц можа весці мужчына? Хай бы хоць правяралі такіх мужчын…
Цудоўна прайшла радыёгазета. Яе вялі Марыя (у класе яе звалі Мэры) і Віктар. Мэры няйначай будзе журналісткай. Ужо колькі допісаў яе друкавала раённая газета. А Віктар - народжаны каментатар, ніколькі не камплексуе падчас сваіх выступленняў, а язык падвешаны - ніякіх тэкстаў яму не трэба. Паэт і любіць сам чытаць свае вершы, ніколькі не саромеецца. Кажа, нельга саромецца таго, што табе Бог даў. І нельга тое ад людзей хаваць, бо табе дадзена толькі для таго, каб праз цябе тое дадзенае зведалі ўсе астатнія людзі. Добры хлопец Віктар. Толькі здаецца, трошкі задавака.
Сустрэча з урачамі прайшла не так гладка, як хацелася б. Гэта Юрка вінаваты. Не Юрыс Клімко- зубаскал і шалапут, а Юрка Хаванскі, выдатнік, адзіная надзея 10-А на залаты медаль. Юрка хлопец неблагі, не задавака, ніколі ў дапамозе не адмовіць, але нейкі занадта правільны. І занудлівы. На іншае трэба рукой махнуць ды пайсці, а Юрка гатовы цэлую трагедыю зрабіць на пустым месцы. Хоча свет змяніць, дзівак.
Вось і цяпер: тры дзесятыя класы, чатыры адзінаццатыя, настаўнікі, завучы, дырэктар школы ў актавай зале. Лекцыю чытае добра вядомая дзяўчатам урач-гінеколаг Ларыса Уладзіміраўна. Яе і не слухаюць надта, бо аб усім ужо не раз чулі, але ў зале цішыня - дырэктар вунь як строга паглядвае на вучняў.
Аказваецца, Юрка лекцыю слухаў уважліва. Бо ён, пасля таго, як Ларыса Уладзіміраўна закончыла расказваць і адказала на загадзя падрыхтаваныя пытанні, раптам незапланавана ўзняўся з месца - пытанне ў яго. Класная крышачку прыжмурылася - насцярожылася, ведала, Юрка глупства не панясе, але ж праблему стварыць можа.
І стварыў.
- Ларыса Уладзіміраўна! Вы так пераканаўча нам расказалі, што прэзерватыў з'яўляецца самым надзейным сродкам ад ВІЧ-інфекцыі… Дзякуй. І раней даводзілася аб гэтым чытаць і чуць, - пачаў Юрка, а ў зале імгненна насцярожыліся, бо ведалі ў школе Юрку добра - з-за яго прынцыповасці і пунктуальнасці.
- Дзякую, - кіўнула Юрку са сцэны ўрач.
- Дык вось, адно мне яшчэ падкажыце, калі ласка, Ларыса Уладзіміраўна… - Юрка зрабіў паўзу, акуляры свае зняў, зноў надзеў. - Прэзерватыў - сродак прафілактычны, можна ў аптэцы купіць, можна ў шапіку якім, у гастраноме… Я вось не купляў, не карыстаўся, то Вы мне патлумачце: прэзерватыў - гэта таблетка такая? Перад ядой яе піць ці пасля? Заварваць кіпнем ці на гарэлцы настойваць? Можа, гэта гатовае націранне? Як гэты сродак прымяняць?
Зала замерла.
Спытай вось так той жа Юрыс - усе б леглі са смеху, але пытаўся Юрка Хаванскі, значыць, пытанне - толькі пачатак таго, на што намеціўся гэты лабасты хлопец.
Урач стаяла, лыпаючы ад разгубленасці вачыма, не ведаючы, як успрыняць пытанне. Як жарт? Але чаму не смяецца зала? Гэта правакацыя?
На дапамогу ўрачу прыйшла завуч, Вера Андрэеўна. Сухая, як вобла, кабета ў гадах, з сівымі валасамі, скрыпучым голасам. У іншы дзень як навіну перадавалі па школе: наша Верачка ўсміхнулася. Рэдка-рэдка ўсміхалася Верачка. І клікалі яе так, каб яшчэ больш падкрэсліць яе сухасць. Але - Верачку паважалі. Без той жа ўсмешкі яна магла так пажартаваць… І вельмі дасціпная. А галоўнае - справядлівая. Не проста справядлівая, а прынцыпова справядлівая. Што той суддзя з завязанымі вачыма: перад ёй усе роўныя. Дык вось, Вера Андрэеўна паднялася і без усмешкі сказала:
- Дарагі Юрый, прыходзь да мяне ў кабінет, я табе адзін на адзін пакажу, як чым карыстацца.
Цяпер зала выбухнула смехам. Чорт яго ведае, хто там што маляваў у думках, але смяяліся доўга.
Юрка не садзіўся, пачакаў, калі смех пацішэе.
- Дзякуй, Вера Андрэеўна. Я ўжо па фільмах навучыўся. Я хачу проста даведацца: чаму такая бязглуздзіца ў нашай агітацыйна-прафілактычнай рабоце? Мы ўголас кажам аб сродку абароны і адначасова ніяк не тлумачым, чаму гэты сродак самы надзейны і, галоўнае, - як яго прымяняць. Увогуле, чаму прымяненню такога надзвычай важнага сродку мяне павінен вучыць тэлевізар, старэйшы сябар, нават Вера Андрэеўна пры жаданні, а ўрач сціпла маўчыць? Ці гэтаму вучыць не трэба? Але і гэта не галоўнае…
- Хаванскі, сваю дасціпнасць ты можаш паказаць у другім месцы! - бесцырымонна ўмяшалася ўжо сама дырэктар, Людміла Антонаўна. - Сядай, сядай! - строга загадала яна Юрку, які хацеў дагаварыць. - Я ведаю, што ты сваімі пытаннямі і разважаннямі можаш сарваць любое мерапрыемства. Так, дзеці, мы з вамі праслухалі вельмі цікавую лекцыю, атрымалі адказы на свае пытанні. Нам застаецца падзякаваць шаноўнай Ларысе Уладзіміраўне!
Вучні дружна адгукнуліся апладысментамі: усім надакучыла сядзець ужо другую гадзіну, заканчэнне гэтага мерапрыемства толькі радавала.
Цудоўна прайшоў брэйн-рынг. Старшым каманды, у якой гуляла Таня, была Каця, стараста класа. Дзяўчына яна разумная, але непрыгожая. Твар у прышчыках. Разумееш, што гэта ўзроставае, але клас гэтым перахварэў ў восьмым-дзевятым, а Каця вось толькі цяпер. Яна высокая, вельмі худая, і грудзей амаль не бачна, але яна не камплексуе. Сірата, бацька памёр маладым ад раку. У яе дома яшчэ двое малодшых, брат і сястра. То гаспадыня Каця адмысловая. Яе гаспадарлівасць ў класе заўважаеш адразу: і фіранкі на вокнах, і кветкі ў вазонах, і астатнія дробязі - усё на плячах Каці. Ды яшчэ пастаянныя зборы грошай. Але, здаецца, Каці гэта падабаецца - клапаціцца аб нечым, за некім даглядаць, за нешта адказваць. Яшчэ Каця такі чалавек, якому хочацца падпарадкавацца. Як яна што загадае ці папросіць, то адразу адчуваеш, што за вынік таго, што ты будзеш рабіць, бярэ на сябе адказнасць яна сама. То не дзіўна, што Каця - капітан каманды. За рукі як пабраліся, нахіліся над сталом, ад Каці ўсім, ці то просьба, ці то загад:
- Залы няма, балельшчыкаў няма. Ёсць пытанні, ёсць адказы. Слухаем сябе і адзін аднаго. Чуем усіх!
Пасля аднаго пытання, якое ўзялі з ходу, Сашка, сусед Тані справа, нечакана нахіліўся да яе:
- Прыйдзеш сёння на дыскатэку, так?
- Прыйду.
- О, трэба адзначыць! Якая табе мелодыя ці песня падабаецца найбольш? Скажу, каб абавязкова знайшлі і паставілі.
- "Вихри враждебные веют над нами…", - Таня паказала Сашку язык.
- Ну ты даеш…- Сашка крыху замяўся, потым выціснуў з сябе: - Давай разам будзем? Ты ж на дыскатэкі не хадзіла раней. Буду цябе аберагаць…
Таня ўважлівей паглядзела на Сашку, але адказаць не паспела - задалі чарговае пытанне. А потым і брэйн-рынг закончыўся. Яны перамаглі.
Цудоўна заканчваўся дзень. Настрой… хто яго ведае, як так атрымалася, а настрой быў ранішні. Быццам зноў вось толькі прачнулася пасля светлага сну.
Увогуле, усё цудоўна. Мерапрыемства прайшло на ўзроўні, як сказала завуч Вера Андрэеўна, пахваліўшы 10-А . Вясна ў разгары, хутка і канец вучобе. Канікулы - і апошні школьны год. Сёння павінен быць цудоўны вечар: увесь дзень так шчодра паліць сонейка, так цёпла цяпер. І дыскатэка сёння. Таня ўспомніла пра дыскатэку і зразумела, ад чаго яшчэ ў яе такі добры настрой: Сашка. Ён прапанаваў ёй сёння быць разам на дыскатэцы. Ну, сябруюць яны даўно, але ж менавіта сябруюць. Ды і як не сябраваць, калі іх дамы ў адным двары. Колькі Сашка раз прыходзіў матэматыку перапісваць… Але ж дыскатэка - не алгебра з геаметрыяй.
Сашка другое прапанаваў…
І ён Тані падабаецца. Не, тут няма чаго надта думаць. Проста Сашка як быў бліжэй за ўсіх да Тані змалку ў першыя гады вучобы, то цяпер зноў быццам вярнуліся адносіны ў тое дзяцінства, праўда, з'явілася ў іх нешта недаказанае, нават недадуманае, аб чым і думаць не тое што страшна, а проста не хочацца. Каб не спудзіць.
У кватэры прыбрала, паабедала, прысела і адпрасавала сваё ўбранне на дыскатэку: кароткая джынсавая спаднічка з шырокім скураным поясам, на ім - вялікая бліскучая бляха і топ - маечка кароткая, без рукавоў, глыбока дэкальтыраваная і адно плячо голае.
Пераапранулася, каб пабачыць саму сябе ва ўсім гэтым - так яшчэ ніколі на вуліцу не выходзіла.
Выдатна. Грудзі ў яе яшчэ невялікія, станік адзяваць не трэба, а топ так абцягвае стан, што маленькія саскі тырчаць, быццам на грудзях нашыты круглыя гузікі. Крыху нават сорамна, але ж цяпер і жанчыны маладыя так ходзяць - без станікаў, кофтачкі ў абліпку.
Спаднічка сядзіць нізка на бёдрах, пояс трэба яшчэ больш аслабіць і ўніз яго апусціць.
Паміж поясам спаднічкі і краем топа - цэлая чвэрць голага цела. З пупком пасярэдзіне.
Пакруцілася перад люстрам. Ну, на якой адлегласці сёння Сашка з ёй танчыць будзе? І як ён руку на спіну пакладзе? Яна ж у гэтым месцы голая.
Скура на спіне раптоўна сцягнулася, мурашкі па ёй прабеглі, быццам там ужо лягла далонь хлопца. Таня аж прыпынілася. Такім вострым і жывым было адчуванне лёгка ўздрыгваючай цёплай далоні Сашкі на целе.
Шчоўкнуў уваходны замок, рыпнулі дзверы - маці прыйшла.
- Божачка, ты так на людзі пойдзеш? - пачала яна, скідаючы з ног туфлі. - Выставіла пуп! Бюстгальтар надзень, цыцкі тырчаць!
- Ну, мам, гэта ж топ! Так усе ходзяць цяпер, не толькі такія маладыя, як мы, - пачала апраўдвацца Таня. - А станік надзену, то шлейка будзе цераз плячо, непрыгожа…
- Я табе дам прыгажосць!
Але казала маці без асаблівай злосці, лаялася больш для парадку. Нічога, прыйдзецца ёй змірыцца. Мода ёсць мода…
- Спадніца!.. Божухна, трусы амаль відаць!
- Нічога не відаць, мам…
- Як нахілішся, то ўвесь азадак голы будзе. Нябось, стрынгі тыя надзела?
- Не, не стрынгі… - адказала Таня, і ёй нечакана стала сорамна. - І чаго мне нахіляцца. Як трэба, то прысяду…
У гэтую мінуту яна баялася больш за ўсё, што маці раптам загадае задраць спадніцу і паказаць, што за трусікі яна надзела. Невядома чаму, Таня адчула, што ёй надзвычай сорамна будзе тое зрабіць. І, каб не здарылася такога, хутка пайшла з залы ў свой пакой - скінуць з сябе топ і спадніцу, апрануць халат.
Маці зайшла ўслед за ёй, Таня стаяла якраз ў адных трусіках, і пачуццё сораму нечакана апякло.
Маці паглядзела на яе нейкімі чужымі вачыма і прагаварыла з пагрозай:
- Глядзі мне, дзеўка!
- Што глядзець? - успыхнула, залілася чырванню Таня, зашпільваючы халат.
- Тое і глядзі. Не пашкадую, калі што. На адну нагу стану, за другую пацягну, калі ў такія гады надумаешся пад каго легчы.
- Мама! - выгукнула ўмольна Таня, бо чуць такое было крыўдна, абразліва, яна ніяк не спадзявалася, што маці так можа казаць, а значыць - думаць пра яе, Таню. І адначасова імгненна ўспомніўся Антон Іванавіч з яго "расцяжкамі", і ўдвая стала агідней.
- Не мамкай, а помні! - адрэзала маці і выйшла з пакоя.
Потым прыйшоў з работы бацька, маці да гэтага часу памылася ў ванне, цяпер сушыла валасы.
Бацькі збіраліся на сваю гулянку.
- Дачушка!
Гэта бацька паклікаў. Стаяў перад люстрам, ніяк не мог укласці нармальна гальштук - каўнер сарочкі горбіўся непрыгожа.
- Чакай, чакай, - Таня ўклала акуратна гальштук, падцягнула вузел, разраўняла каўнерык. - О, другі раз за год бачу цябе пры касцюме ў гальштуку. Адно на Вялікдзень апранаеш.
- Гэх, затое не прывыкаюць! - зухавата адказаў бацька. - Як пакажуся такім на гулянцы - не пазнаюць! Усе жанчыны мае!
- З адной справіцца не можаш, усіх яму давай, - кпліва заўважыла маці, седзячы на канапе ў зале і фарбуючы пазногці. - Бяжы, купіш кветкі і чакай мяне ля універсама. Я хутка…
Бацька пайшоў.
Таня сядзела ў сваім пакоі на тахце, падціснуўшы ногі, і чытала.
- Тань, я тваю памаду для вуснаў вазьму! - крыкнула з прыхожай маці.
- Бяры, яна ў сумачцы, - адгукнулася Таня і паднялася: трэба выйсці і маці сказаць камплімент, бо непрыгожа неяк атрымаецца, калі бацькам любавалася, а пра маці ні слова.
Маці корпалася ў Танінай сумачцы.
Раптам рука яе замерла, яна стала паварочвацца да Тані, адначасова выцягваючы руку з сумачкі.
- Ах ты сучка! - прасіпела маці такім голасам, што ў Тані ўсё абарвалася ўнутры.
Менавіта голас яе ўразіў, а не пакецік прэзерватыва, які маці трымала двума пальцамі, быццам дохлую мыш за хвост.
- Я так і ведала, - выдыхнула маці, як вынесла прысуд і, імгненна размахнуўшыся, ударыла рукой з заціснутым бліскучым белым пакецікам у твар Тані.
Таня не чакала ўдару. Яна ўвогуле нічога не чакала, яна яшчэ не змагла як след ўсвядоміць сітуацыю, зразумець, што адбылося.
Яна адляцела да дзвярэй, падаючы на падлогу, выцялася тварам прама аб востры край вушака. Ад болю на імгненне страціла прытомнасць, але куды мацнейшы боль вярнуў яе ў рэчаіснасць - маці хапіла яе за валасы і цягнула ўверх.
- Было? Ах ты сучка блудлівая? Я ж цябе папярэджвала…
- Не… не было… не было…, - мармытала Таня, аглушаная болем, нянавісцю маці і тым, што яе вось цяпер ударылі. Ударылі ў твар…
- Дык збіралася, значыць? Спадніцу выбрала, каб задраць хутчэй і прасцей было? Ах ты гадаўка! - маці шпурнула галаву Тані долу, павярнулася да сумачкі на століку, знайшла там памаду і спакойна падфарбавала вусны.
- Значыць, сядзіш дома, - казала яна, зіркаючы на Таню ў люстра. - І сёння, і заўтра. У панядзелак зранку разам са мной да гінеколага. І няхай мне там скажуць, што ты не дзеўка. Мала табе не будзе.
Працокалі каблукі - маці падышла да дзвярэй. Ад парога азірнулася:
- Нягодніца, трэба ж так настрой сапсаваць…
Таня ляжала доўга - аж пакуль у кватэры адчувальна не пачало шарэць.
Твар гарэў. Левы яго бок балеў. Таню трэсла, быццам на яе толькі што вылілі вядро сцюдзёнай вады.
Яна ўзнялася, зірнула ў люстра.
Адна шчака была чырвоная, а праз другі бок твару ад барады да скроні цягнуўся сіне-чырвоны пісяг. Заплывала вока, твар перакрывіўся…
Стала не тое што абыякава. Не, проста гэты свет раптам страціў сваю важкасць. Божа, нейкая там школа, дыскатэка, спаднічка і топ, Сашка, англійская мова, інстытут… Усё гэта і мноства іншага зрабілася далёкім-далёкім. Усё роўна як ты глядзеў у бінокль адным бокам, а нехта прыйшоў і ўладна перавярнуў бінокль у тваіх руках. І тое, што здавалася вялікім і значным, стала дробязным, мізэрным, не вартым увагі. Што цяпер важна?
Неба. І сонца на гэтым небе.
Калі сядзець на падаконніку на дзевятым паверсе, сонца куды бліжэй да цябе. Яно няспешна коціцца вунь за той лясок. Сонца - гэта ты. Ты - гэта сонца. Знікне сонца - прыйдзе ноч. І ты знікнеш, бо пойдзеш у ноч. Таму важна цяпер глядзець на сонца. Бачыць яго. Яно ўжо амаль не зыркае.
Ніколі не думала, што глядзець праз акно на захад сонца, стоячы ў пакоі, гэта зусім не тое, што глядзець на сонца, седзячы на падаконніку, тварам да неба, тварам да сонца. Сонца ўсё ніжэй і ніжэй.
Ужо хутка…
Аднекуль з таго, мізэрнага, далёкага свету даносіцца незразумелы гук. Таня пазнае яго нарэшце - гэта мабільнік яе спявае. Ісці ўзяць? Але дзеля яго трэба кідаць сонца. Хіба можа быць там нешта важнае? Там - толькі мізэрнае. Але тэлефон замаўкае - і зноў спявае. Трэба проста выключыць яго. І хутчэй бы закочвалася сонца.
Таня павольна павярнулася на падаконніку, ногі цяпер звешваюцца не на вуліцу, а ў пакой, слізганула ўніз.
Тэлефанаваў Сашка.
- Танюш, я зараз да цябе прыбягу. Добра?
- Навошта?
- Ну, разумееш, мне трэба… Толькі ты дапаможаш.
- Прыходзь.
Таня доўга глядзела на тэлефон. Ага, яго трэба ўвогуле выключыць. Каб нішто не перашкаджала глядзець, як коціцца за лес сонца…
Затрэнькаў дзвярны званок, Таня механічна адчыніла.
Сашка стаяў на парозе запыханы, вочы круглыя ці то ад жаху, ці то ад здзіўлення.
- Ну, што ў цябе? - абыякава спытала Таня.
Сашка ступіў у кватэры, асцярожна ўзяў за руку Таню і сціснуў моцна.
- Таня, ты што? - голас яго быў перапалоханым. - Што здарылася? Хто цябе так?
Таня маўчала, гледзячы праз Сашку на дзверы, амаль безуважная да ўсяго.
Невялікі белы бліскучы пакецік ляжаў між імі.
- Гэта… з-за яго? - Сашка аж захліпнуўся ад здагадкі.
Таня паглядзела ўслед за Сашкавым позіркам, хацела нахіліцца, але Сашка трымаў яе руку.
- Пусці мяне.
- Не пушчу. Я табе потым пакажу, як выглядае знізу дзяўчына, якая сядзіць на падаконніку акна на дзевятым паверсе, звесіўшы ўніз ногі… Бацька?
- Што бацька? - здзівілася Таня.
- Бацька… ударыў?
- Не, я сама ўпала.
І раптам як прарвалася нешта ў сярэдзіне грудзей - і крыўда, бясконцая, неабсяжная крыўда ірванулася слязьмі на волю.
- Сашка, за што яна мяне так? Я ж нічога не зрабіла, я не збіралася нічога рабіць, у мяне ж і ў думках нічога не было… Яна мяне ў твар ударыла… не хачу, жыць не хачу, нічога бачыць не хачу…
Таня зайшлася ў плачы, упаўшы здаровым бокам твару на Сашкава плячо. А той стаяў разгублены, збянтэжаны нечаканым парывам дзяўчыны: адкуль яму было ведаць, што рабіць, як суцяшаць.
- Пайшлі, пайшлі…
Сашка правёў Таню ў яе пакой, яна села на канапу, усхліпваючы, расказвала:
- Маці памаду папрасіла… Я і сказала: бяры ў сумачцы. Яна палезла туды, а там - прэзерватыў. Як ён там апынуўся, я не ведаю. Яна мяне адразу… І так крычала… Так абзывала… Кажа, у панядзелак да ўрача, на цноту правярацца… не пайду, лепш з акна скочу …
- Ну, скакаць з акна не самае лепшае, - смялей адказаў Сашка, разгубленасць яго амаль прайшла. - От глядзі, я цябе сфатаграфаваў, - ён дастаў свой мабільнік, знайшоў здымак. - Думаў, ты так, выпадкова за нечым з акна вылезла. А тут гляджу - ты сядзіш і сядзіш. І ўся нерухомая. Так і падумаў, што скокнеш… Напужаўся…
- А мне не страшна, хоць заўсёды вышыні баюся. Там сонца коціцца за лясок, так цягне ўслед за ім…
- Ну, то пайшлі ў той лясок! - проста прапанаваў Сашка. - Скакаць навошта? Ну яе к чорту, дыскатэку тую. Там будзе тлумна, народу наб'ецца, што тых селядцоў. А ў тым ляску ёсць месца для адпачынку, пасядзім. Яшчэ там чаромха расце. Хочаш, чаромхі наламаем?
- Хачу, - Таня праз сілу ўсміхнулася. - Куды я… з такім тварам?
- А каму справа? Зараз брату патэлефаную, ён ужо з работы прыехаў, то падвязе нас. А назад пешкі прыйдзем, тут недалёка, ды і прыцемкі… Давай, апранайся.
Таня згадзілася не толькі таму, што хацела ў той зваблівы лясок. Невыносна было ў кватэры, дзе ляжаў на падлозе бліскучы квадрацік. Абы б куды, толькі не ў кватэры…
Яна паслухмяна ўстала і, адвярнуўшыся, скінула з сябе халат.
- Эй, ты б папярэдзіла, - Сашка збянтэжана крутнуўся, каб не бачыць амаль цалкам аголеную, стаяўшую ў двух кроках ад яго дзяўчыну.
Таня павярнулася да яго, адной рукой прыкрываючы грудзі.
- Ты выбачай, але я неяк сораму не адчуваю. Я такое пачула пра сябе... Я зараз…
Сашка чуў шоргат адзення. Каб перамагчы гэтае насланнё - амаль фізічнае адчуванне спінай блізкага аголенага цела дзяўчыны, стаў тэлефанаваць брату.
- Ты вольны? Пад'едзь да пад'езду Тані Пракаповіч. Закінеш нас па чаромху. Разлічуся потым…
Таня ціха паклікала:
- Вось, я гатова.
- Так - у лес? - Сашка вытрашчыў вочы: Таня была ў той самай кароткай спадніцы і топу.
- Я так хацела на дыскатэку прыйсці. Пайду ў лес.
- То хоць кофту якую вазьмі ці куртку. Сонца сядзе - холадна можа быць. І… касынку якую яшчэ, каб шчаку прыкрыць…
- Ага, - згадзілася Таня, дастала паўпразрыстую касынку, накінула на галаву. Чырвоную вязаную кофту дала Сашку: - Нясі сам.
Калі ад'ехалі ад пад'езда, Таня абыякава зазначыла:
- Мы з табой у машыну садзіліся ды яшчэ з гэтай кофтай, што ўсе рашылі - паехалі на прыроду у любоў гуляць.
- Хай рашаюць, - паціснуў плячыма Сашка. - Што з дурнямі спрачацца.
У лесе было цудоўна. Калі матор машыны заглух, на іх раптоўна накінулася цішыня. Нідзе ні гука!
На паляне, дзе яны спыніліся, стаяў вялікі "грыбок", пяць лавак вакол . Побач было зроблена месца для кастра. Паўкругам ля кастра ляжалі на невысокіх слупках уздоўж расколатыя бярвенні - так і цягнула на іх прысесці.
- А дзе чаромха? - спытала Таня.
- А ўніз спусціцца метраў сто, - адказаў Сашка. - Я ж табе мінулай вясной адгэтуль чаромху прыносіў.
- То вас пачакаць? - спытаў брат Сашкі, Віктар.
- Не, братуха, едзь, - махнуў рукой у адказ Сашка. - Дзякуй. Мы тут да вечара будзем. Хутка салаўі спяваць пачнуць. Паслухаем…
- Дзівакі, заехалі б ў магазін, хоць бутэльку вады ўзялі.
- Грошай няма.
- А я табе хто - чорт лысы? - аж пакрыўдзіўся Віктар. - Ну, чакайце, я хутка.
Хвілін праз дваццаць Віктар прывёз бутэльку мінералкі, яшчэ - пакет соку, некалькі булак.
- Тэлефануй, як што, - кіўнуў Сашку і паехаў.
Цудоўна пахла чаромха!
Адна справа - утыкаць нос у букет, хай сабе і вялікі. І зусім другое, калі стаіш пад вялізнымі дрэвамі, усыпанымі суквеццямі.
- Вой, аж дурманіць, - Таня прыпынілася, пакруціла галавой. - Ніколі такога не адчувала. Быццам у пакоі стаіш, дзе цэлы флакон парфумы разлілі на падлогу.
Пах чаромхі тут невыказна густы, гаркава-салодкі, аж прытарны ля самых дрэў, трошкі і на самай справе п'яніў Таню. Ва ўсякім разе яна не тое што забылася на свой пабіты твар, а зрабілася нядаўняе куды менш значным.
Вялікіх дрэў чаромхі было шэсць, а ля іх яшчэ невялікімі белымі стагамі і копамі раскінуліся маладзейшыя дрэўцы.
Сашка нізка, да самага твару Тані нахіляў галіну - Таня асцярожна выбірала і ламала галінкі.
- Ды не гні ты так моцна, я дастану.
- Ага, табе толькі і цягнуцца за кветкамі ўверх, - зніякавеўшы, адказаў Сашка, маючы на ўвазе Таніну кароткую спадніцу. - Тваё шчасце, што яшчэ камароў надта няма…
Вярнуліся да грыбка.
Сонца ўжо не стала відаць - цалкам схавалася за лес, і толькі вершаліны дрэў яшчэ свяціліся золатам. Сашка стаў збіраць сучча - вырашыў, што трэба развесці касцёр.
Калі лес стаў знізу зацягвацца прыцемкамі, а ад чаромхі пацягнула халадком, касцёр ужо весела патрэскваў.
Селі ля яго, на такія зручныя і нагрэтыя сонцам пляскатыя бярвенні. Кофта вязаная доўгая, то Тані хапіла і плечы, і калені крыху прыкрыць.
- Я сёння даведаюся, хто так пажартаваў, - сказаў Сашка.
Казаў з яўнай пагрозай. Дзівак, хіба гэтае веданне можа нешта змяніць у тым, што адбылося? Якая розніца: хто паклаў той прэзерватыў у сумачку Тані і нашто паклаў? Маці ж ударыла за тое, што ён там проста быў… Таму Таня папрасіла:
- Сашка, не трэба, я цябе прашу ніякіх разборак не рабіць. Якая розніца?..
- За такія жартачкі дараваць? - здзівіўся Сашка. - Ты… не разумею, даруеш усё так проста…
- А якая розніца: як дараваць? Проста ці складана, то ж маці. А той, хто паклаў…Хіба ж ён думаў, што так будзе?
І нечакана захліпнулася, здрыганулася ўсім целам:
- Сашка, а куды ж мне ісці? Я ж дамоў не пайду. Ніяк не пайду.
Таня і па праўдзе ў гэты момант спужалася: спужалася таго самага імгнення, як сустрэнецца з маці. Прабачыць - яна была, здаецца, гатова. Завочна. Але не сустракацца. І таму адчай і страх у яе словах былі самымі сапраўднымі.
- Ну… пайшлі да нас. Я на падлозе ў брата паначую, маці, думаю, зразумее…
І ў гэты момант, быццам спецыяльна, запілікаў Сашкін мабільнік.
- От, лёгкая на ўспамін! - Сашка дастаў з кішэні мабільнік, кіўнуў Тані: - Маці звоніць.
Таня не прыслухвалася да гукаў, але было чуваць, як маці Сашкі нешта крычыць усхвалявана. Сашка моршчыўся, потым перабіў:
- Так, хопіць крычаць! Куды завёз Віктар, туды завёз. Бач, табе перадалі… Не хвалюйся, у нас усё пад кантролем. Сёння ў школе - дзень прафілактыкі СНІДу. Мы днём слухалі лекцыі, а от цяпер, вечарам і ўсю ноч, у нас практычныя заняткі па бяспечнаму сексу. Усё, я адключаюся, у мяне батарэя села, - Сашка адключыў мабільнік, нейкі час сядзеў задуменны.
Падкінуў пару палак у касцёр.
- Брыдка… Усе яны аднолькавыя, - зазначыў ён сумна. - Нехта там убачыў і перадаў: твае сыны зацягнулі нейкую дзеўку ў машыну, твар яе схавалі і павезлі ў невядомым накірунку… - Сашка аж плюнуў далёка ўбок. - Ведаеш, яна крычала на мяне так, быццам і я, і Віктар на самай справе ўжо зрабілі страшнае злачынства…
І тут цішыню ўжо добра загусцеўшых прыцемкаў прарэзаў незвычайна чысты і блізкі гук.
- Салавей, - прашаптаў Сашка. - От, зараз яны пачнуць…
Але зноў запілікаў мабільнік.
- Блін, не дадуць салаўёў паслухаць, - буркнуў Сашка. - Што ты хацеў, Юрыс? - спытаў ён тэлефанаваўшага.
З Юрысам Сашка збольшага сябруе - жывуць у адным пад'ездзе. Год таму захапіліся былі мапедамі, днявалі разам. Але цяпер крыху паасобку, Сашка з Юрыса часта кпіць - вялікі ўжо, а дзяцінства так і пхнецца: усё нешта выдумляе. Але хлопец неблагі, калі выштукарыць якое дзіва, то не са злосці, а каб пасмяяліся ўсе.
Сашку, відавочна, крыху гняло тое, што ён ужо другі раз адказвае па тэлефоне, у той час як Таня павінна змаўкаць. Прыйшлі ж сюды разам, спецыяльна каб быць удвух, а тут Сашка быццам не жадае сам-насам з Таняй заставацца, сакрэты ў яго нейкія… Хутчэй за ўсё менавіта таму ён паклаў мабільнік між сабой і Таняй, націснуў на патрэбную кнопку, і голас Юрыса загучаў выразна і для Тані.
- Так, папярэджваю, з табой не толькі я размаўляю, але і Таня. Я гучную сувязь уключыў, - сказаў ён.
- Якая Таня? - перапытаў Юрыс. - Пракаповіч?
- Ага, я, - гучна сказала Таня. - Што, здзівіўся?
- А вы дзе? - разгубіўся Юрыс. - Тут ужо танцулькі пайшлі…
- То і дрыгайся. У нас справа сур'ёзная, - адказаў Сашка.
- Якая справа?
- У нас практычны ўрок бяспечнага сексу, - нечакана для сябе выгукнула Таня і здзівілася, што голас яе прагучаў нават бадзёра.
-А-га-га-га, - зарагатаў Юрыс. - Спатрэбіўся, значыць, прэзерватыў!
- Дык гэта ты?! - рэзка выгукнуў Сашка. - Ты гэтай дурніцай займаўся?
У голасе яго было столькі нянавісці, што Юрыс разгублена замаўчаў, адчуўшы, відаць, што з яго жартам атрымалася нешта не зусім смешнае.
- А… ну, я… Дык жа вось, спатрэбіўся, - яшчэ паспрабаваў няўклюдна перавесці ўсё на жарт Юрыс.
- Прыдурак! Я з табой заўтра размаўляць буду! Я цябе той прэзерватыў з'есці прымушу! Ну, чакай…
- Ты чаго… Ну, пажартаваў я, - замармытаў Юрыс.
- Сашка, не трэба нічога, я ж цябе прасіла, - загаварыла Таня, дадала гучней: - Юрыс, не бойся, Сашка цябе не будзе чапаць.
- А што здарылася, Таня? - з сапраўднай трывогай запытаў Юрыс.
- А што, па-твойму, магло здарыцца, калі мы збіраліся на дыскатэку, а цяпер сядзім у лесе? - з ранейшай злосцю спытаў Сашка. - Усё, танцуй, гумарыст вашывы.
- Э, чакай, чакай, не адключайся, - заспяшаўся Юрыс. - У якім вы лесе? Праўда??
- Не, мы на ганку ля школы, - з'едліва адказаў Сашка. - У Чарэмшані мы… - і адключыў тэлефон.
Так называлася гэтае месца - з-за тых некалькіх вялікіх дрэў чаромхі - Чарэмшань. Казалі, што раней тут увогуле ўсё было ў чаромхах. Побач з горадам, месца ўтульнае, то ведалі яго добра. І летам па вечарах, а на выхадныя - то ўвесь дзень гэта паляна рэдка была без людзей. Колькі год таму яе крыху добраўпарадкавалі - вось "грыбок" паставілі, лаўкі, кастрышча, яму для смецця выкапалі…
- Дарэмна ты на яго крычаў, - загаварыла Таня. - Ён жа не хацеў…
- Думаць трэба! Не маленькі. Быццам не ведае, што бацькі розныя бываюць…
- Чакай, ты ж сам толькі сказаў, што ўсе дарослыя аднолькавыя, - прыязна ўсміхнулася Таня, каб трошкі супакоіўся Сашка. - Вунь і твая маці падумала пра цябе не самае лепшае…
- І тое праўда, - лёгка згадзіўся Сашка. - Цікава, гэты жартаўнік яшчэ каму прэзерватыў паклаў? От каб у гэты вечар усе маці знайшлі ў нашых у сумачках, у кішэнях прэзерватывы… Во б было…
Зайграў мабільнік - на гэты раз Танін.
- О, Каця ўжо мяне шукае… Што, Кацюша?
- Ты дзе? Ты ж абяцала прыйсці і ўсіх тут здзівіць сваёй спаднічкай. Я ўжо ўсе вочы выглядзела. Ці цябе на ганку перастрэлі і замуж узялі? - хутка стала распытваць Каця крыху ўсхваляваным голасам. Адчувалася, яна перажывала за сяброўку - Таня першы раз на дыскатэку мелася прыйсці.
- А я ў лесе, - нявесела адказала Таня. - У мяне… твар пабіты, - прызналася яна - Каця ж сяброўка.
- Як твар пабіты?
- Маці… піхнула, я ўпала і аб вушак.
- А чаго піхацца было? - ўстрывожылася не на жарт Каця. - Мо што топ і спадніцу надзела?
- Ды не… - Таня памаўчала, ціха дадала: - Прэзерватыў у сумачцы знайшла… Дарэчы, ты сваю сумачку глядзела, можа, і ў цябе дзе ляжыць.
- Ды пры чым тут мая сумачка!? - разнервавалася нечакана Каця. - Ну ляжаў, выкінула, заўтра ўвесь клас ператрасу, але дазнаюся, хто такія падарункі робіць… Ты дзе, Таня?
- А мы тут у Чарэмшані, з Сашкам. У нас сёння, як ён кажа, практычныя заняткі па бяспечнаму сексу. Працягваем на ўлонні прыроды Дзень прафілактыкі СНІДу.
- Вы звар'яцелі! - жахнулася Каця. - Ой, хаця не, у Сашкі ж галава ёсць на плячах, калі ты сваю адбіла. Чакайце, я хутка буду! - нечакана закончыла яна.
Таня пакруціла тэлефон у руках.
- Чуў? Зараз сюды Кацька прыляціць.
- А што, блізка… Хай ляціць… Давай салаўёў слухаць.
Яны змоўклі. А ў лесе, там, ніжэй, сярод чаромхаў, спявалі салаўі. За размовамі не надта было іх чуваць, а цяпер, у цішыні… О, які гэта цуд быў! Такія чыстыя, звонкія гукі, столькі ў іх незвычайнага ўздыму, невядомых пачуццяў. Аж недзе ў грудзях аддаваліся перасвісты, кароткае шчоўканне, доўгія трэлі.
- Нават не верыцца, што такая маленькая птушачка такія гукі можа выдаваць, - шэптам прагаварыў Сашка. - За апошнія гады першы раз салаўя чую… Ты не замерзла?
- Ды не… Касцёр жа…
І зноў запілікаў Сашкаў тэлефон.
- Юрка Хаванскі… Слухаем вас, таварыш правіла!
- Сам ты таварыш выключэнне, - адказаў Юрка Хаванскі. - Увесь клас тут, а цябе няма і Тані Пракаповіч.
- І таму гэта няправільна! - не ўтрымалася Таня. - А мы тут, Юрка.
- Дзе - тут?
- А якая розніца? У лесе! - рагатнуў Сашка, загаварыў загадкава: - Слухай, Юрка, я табе вось што скажу: тое, што ты на дыскатэцы - гэта няправільна, гэта нелагічна. А мы ў лесе з Таняй - гэта правільна і гэта ўкладваецца ў сістэму!
- У якую сістэму? - цалкам сур'ёзна запытаў Юрка.
- Сістэма простая, - так жа сур'ёзна стаў тлумачыць Сашка. - Сёння ў школе мы ўвесь дзень прысутнічалі на тэарэтычных занятках па прафілактыцы СНІДу. Лагічным завяршэннем любой тэорыі становіцца практыка. Правільна?
- Ну… правільна…
- Вось! А ты ўзняў сёння на лекцыі вельмі важнае пытанне: як карыстацца прэзерватывам? Мы з Таняй вырашылі навучыцца мерам найлепшай перасцярогі самастойна, раз ніхто нас не вучыць. І гэты вечар у нас прысвечаны практычнаму ўроку бяспечнага сексу. Дык хто і дзе больш лагічна знаходзіцца? Ты - на дыскатэцы, ці мы - у Чарэмшані?
- Та-а-ак… - працягнуў Юрка. - А вы маеце рацыю. Менавіта так і павінна быць… Я вас там знайду?
- Не зразумеў? Чаго ты нас шукаць будзеш? - прыкінуўся, што не зразумеў, Сашка. - Трэці тут лішні. Шукай пару.
- Знойдзеш, Юрка, знойдзеш, - гукнула Таня. - Мы тут касцёр палім і салаўёў слухаем!
- Выдатна, хутка будзем!
Сашка адключыў тэлефон, падміргнуў Тані:
- Слухай, нам ніяк не дадуць правесці заняткі па бяспецы сексу. Зараз тут назбіраецца процьма жадаючых навучыцца карыстацца прэзерватывам…
- Ды ну цябе… Няхай прыходзяць. Цікавей будзе.
- А са мной сумна? - асцярожна спытаў Сашка.
- Не, што ты… - Таня крыху засаромілася. - Не крыўдуй… Я табе і так удзячная…
- Я не крыўдую, - хутка сказаў Сашка. - Мне асабіста і без нікога добра.
Сашка падкінуў яшчэ дроў у касцёр, сеў спінай да Тані.
- Кладзі мне сваю галаву на плячо, а я табе сваю. От, будзем глядзець у неба і слухаць салаўёў!
Яны так і сядзелі, спіна да спіны, не размаўляючы: галава аднаго на процілеглым плячы другога. Шчака да шчакі. Глядзелі ў неба - там пачыналі асцярожна прабліскваць зоркі. І салаўі спявалі, як апантаныя…
Пачулася шорганне ног па траве.
- Глядзі, Таня, вось і Юрыс прыйшоў…
Юрыс прыйшоў не адзін - з ім былі Сяргей і Лёшка, як звычайна. Апошнім часам яны трымаліся заўсёды разам. Лёшка - маўклівы і надта ж сціплы для сваіх гадоў. Што звяло разам Юрыса і Лёшку - здагадвацца не трэба. Лёшка бы тое цяля, яго і на вяроўчыне вадзіць не трэба. Любіць, каб ім камандаваў той, хто смелы, рашучы, ва ўсіх на віду. А Юрыс якраз такі. А вось чаго да іх Сяргей прымкнуў - загадка цэлая. Хіба што надакучыла яму заўсёды наводшыбе быць?
Гэты хлопец і сярод аднакласнікаў заставаўся дзікаватым, і, тым больш, для настаўнікаў. Усмешка з твару, бадай, не сходзіла, але ўсміхаўся ён толькі вуснамі. А вочы звычайна былі халоднымі. Што ў яго наўме ў тую хвіліну, калі з табой размаўляе - ніяк не зразумець. Сяргея недалюблівалі - ён нікому не раскрываўся, ні з кім ажно да дзесятага надта не сябраваў. Вось не хацелася з ім аб патаемным размаўляць. І не таму нават, што баяліся - выдасць. Проста таму, што звычайна з тым дзелішся, хто ад цябе такое ж не хавае. Сяргей ад усіх усё хаваў. Ніхто ў яго дома не быў, як ён жыве, якія адносіны ў яго з бацькамі, чым ён дома займаецца, чым цікавіцца - не ведалі. Маці пару разоў адно была на бацькоўскіх сходах. Звычайная жанчына, хіба што замкнутая, маўклівая. І ўсміхалася вось так жа: нібыта прымушаў яе хто ўсміхацца.
Сашка прысеў ля кастра, пачакаў, пакуль падыдуць хлопцы.
- Што, гумарыст, палюбавацца на плады свае прыйшоў? - спытаў ён праз зубы, калі тыя падышлі бліжэй. У руках ён трымаў ёмкую палку. І не зразумець было, з якой мэтай ён яе трымае: у касцёр кіне ці яшчэ што…
Юрыс на Сашку і не глянуў - адразу прысеў ля Тані, зазірнуў у твар і скрывіўся:
- Танечка, Божа, даруй, я ніяк не думаў…
Таня не паспела нічога адказаць. Нечакана загаварыў Сяргей.
- Не брашы цяпер, - цвёрда сказаў ён. - Я цябе папярэджваў.
Як па камандзе, усе павярнуліся да яго. Сяргей не ўсміхаўся на гэты раз. Ён прысеў ля кастра насупраць Сашкі, дастаў пачак цыгарэтаў і стаў прыкурваць ад галінкі, якую дастаў з кастра.
Усе маўчалі, уражаныя пачутым і ўбачаным: Сяргей курыў, Сяргей не ўсміхаўся.
- Дык вы разам да такой брыдоты дадумаліся? - разважліва прагаварыў Сашка, а ў голасе чулася: "Значыць, мне з трыма вамі біцца?".
- Супакойся, ніхто тут нічога не задумваў, - спакойна, але з горыччу адмахнуўся Сяргей. - Ну, рашыў Юрыс пажартаваць: усім дзяўчатам у сумачкі, пакуль яны на фізкультуры былі, прэзерватывы пакласці. Была ў яго задума… Сам кажы, чаго маўчыш? - прыкрыкнуў Сяргей на Юрыса, і стала нечакана зразумела, што не Юрыс у кампаніі галоўны…
Юрыс не паспеў загаварыць - у яго заспяваў-залямантаваў тэлефон.
- Што ты хочаш? - раздражнёна спытаў Юрыс субяседніка. - Пайшлі вы нафіг з вашай дыскатэкай і школай… Не хачу… У лесе мы. Мне сказалі, што ў Чарэмшані ўсе, хто жадае, можа заняцца практычнымі заняткамі па бяспецы сексу. Я жадаю. А на халеру нам сёння цэлы дзень СНІДам вушы паласкалі? Што, не чула, што прэзерватыў самы надзейны сродак? У сумачку сваю заглядвала?.. Што здарылася, тое здарылася. Кажу, не будзем мы на дыскатэцы… Мы тут. Хто-хто… Сяргей, Лёшка, Сашка, Таня Пракаповіч… Касцёр палім… Ды ідзі ты на ляд…
Юрыс адключыў тэлефон.
- Света гэта… кажа, зараз прыйду, а то Таня тут адна, а вас чацвёра…
Іншым разам мо б і рассмяяліся, але цяпер і сам Юрыс не ўсміхнуўся.
- Ды не было ў мяне ніякага плану! На рынку цётцы дапамог шопік яе загрузіць, ну і дала яна мне ўпакоўку прэзерватываў. Кажа, усё адно такія ніхто не бярэ… Куды дзець: ат, дзяўчатам во з Лёшкам кожнай у сумачку паклалі. Хацеў прыдумаць што на той лекцыі… Ну, прыкол які… Дык Юрка Хаванскі, разумнік, улез, дырэктрысу раззлаваў, я і забыўся на іх…
- А я цябе папярэджваў! - з націскам паўтарыў Сяргей. - Казаў, што твой жарт некаму можа вылезці бокам!
Міжволі хлопцы зірнулі на Таню, якая ў гэты момант глядзела ў агонь. Сіняк на яе твары і пухліна, якая закрывала палову вока, рабілі дзяўчыну ў дрыготкім святле полымя падобнай на вядзьмарку.
- А я адкуль ведаў?! - адчайна ўскрыкнуў Юрыс.
- Не ведаў - трэба было слухаць.
- Ты ўсё ведаеш!
- Ведаю, - сумна адказаў Сяргей. - Я ведаю, што ўсе дарослыя - сволачы. Што ім напляваць на нашы праблемы, тым больш - на нашы жарты. Што іх дабрыня - гэта добры кій, змочаны з аднаго боку цукрам. Як падпарадкуешся, то можаш палізаць. А не - дык адразу па галаве.
- Ну, ты ўжо скажаш…- умяшаўся Сашка.
Ён зразумеў, што той віны, з-за якой трэба б было ўсчыняць бойку, ні ў каго з хлопцаў не было. Але тон Сяргея, яго нічым не прыхаваная нянавісць бянтэжылі.
- Сяргей, чаму ты такі злы? - ціха спытала Таня. - І ты ўжо курыш…
Хлопцы змоўклі - чакалі адказу Сяргея. А той яшчэ раз і другі зацягваўся цыгарэтай, маўчаў, хоць было відаць, што ён рыхтуецца нешта сказаць.
- Танечка, цябе вось сёння ўдарылі. Бацька? - нарэшце спытаў ён.
- Маці… У твар…
- А раней?
- Ды не…
- І вось у цябе трагедыя такая, праўда? Жыць не хочацца… А я да цябе на дзень нараджэння не пайшоў быў у мінулым годзе, хоць збіраўся. І потым тыдзень хворы быў. А то мяне бацька быў збіў. І я не мог кашулю апрануць - праз тканіну пісягі свяціліся, і пісяг быў ад вуха да пляча. Бацька шлангам газавым б'е. Ён у мяне газавік… І сёння біў. Дыскатэка ж - а ён не пускаў…
- Грузіш? - разгублена запытаўся Сашка. - Не веру…
- Што, табе спіну паказаць? Не прыгажэй за Танін твар.
Усталявалася цішыня.Тое, што казаў Сяргей, для ўсіх было не проста навіной - аглушальным адкрыццём.
Здагадка нечакана разанула па душы, і Таня ўздрыгнула:
- Дык, калі ты ўсміхаўся, то… табе тады проста балела?
- Тады мне проста балела, - кіўнуў Сяргей. - Чалавечая ўсмешка - тая ж грымаса ад болю. Крывіўся, пакуль не прывык.
- А чаго ты маўчаў? - з папрокам запытаў Юрыс.
- І што б ты зрабіў? - горка ўсміхнуўся Сяргей.
- Ну, у такім узросце ужо можна пастаяць за сябе, - асцярожна ўставіў Сашка. - Я не ведаю, што б я зрабіў на тваім месцы.
- І як пастаяць?.. Лёгка даваць парады збоку. Ніколі не слухайся парад, бо нельга нешта разумнае сказаць, пакуль сам цалкам у такую ж скуру не апранешся… Брат у мяне меншы. Я за яго баюся. Я аднойчы ўзбунтаваўся, дык бацька зрабіў з яго заіку на тыдзень. Але сёння я ўжо не стрываў. Шланг вырваў і выкінуў з балкона. А мне сказалі, каб дамоў не прыходзіў - не пусцяць… Вось так. Ды хопіць вам… Пра мяне…
- А маці? Няўжо маці… - войкнула Таня, сцялася, бо імгненна ўспомніла сваю маці, яе страшны кулак, што ляцеў у яе твар.
- Маці не дапаможа. Яе саму трэба бараніць ад бацькі, - адмахнуўся Сяргей. - Таму я быў упэўнены, што як знойдзе хто з бацькоў такі пакецік у сумачцы - не паглядзяць на ранейшыя заслугі… Гэй, пайшлі па дровы - касцёр зараз дагарыць, - нечакана ўскочыў Сяргей. - Ноч якая ідзе!
Хораша было навокал, проста цудоўна. Цемра паступова згусцілася, абступіла касцёр. Неба ўверсе ззяла тысячамі бліскучых кропак. Убаку недалёка свяціўся жоўта-блакітным край неба - то горад зусім побач, здаецца, што і музыку чуваць ад іх школы, але то толькі здаецца…
Хлопцы рушылі ўсе адразу ў лес, Таня засталася сядзець каля кастра адна. Пачутае ад Сяргея ўразіла яе настолькі, што яе асабістая сённяшняя бяда зрабілася амаль невыразнай. Гэтулькі часу маўчаў хлопец, усе думалі на яго, што надта ганарысты, а тут вунь што… І як яму памагчы?
Раптам стала крышку страшна - у нейкі момант падалося, быццам яна ўвогуле засталася адна. Таму ад крокаў, якія раздаліся не з лесу, а з боку дарогі, што вяла ў горад, Таня здрыганулася.
- Таня! Таня! - да яе бегла Каця. - Што ты тут адна робіш? Божухна, адна сярод лесу!
- Ды не адна я, - заспяшалася Таня ад такога трагізму ў голасе сяброўкі. - Хлопцы па дровы пайшлі… А ты з кім?
- Юрка, Андрэй, Марынка, Насця, Віктар, Галіна…Уся наша каманда брэй-рынгу.
За Кацяй напраўду падышлі ўсе, каго яна называла.
- Глядзі, як тут хораша!
- Салаўі спяваюць, касцёр гарыць, адна дзяўчына ў лесе тужЫць, - выдаў Віктар адразу экспромт.
- Націск навучыся ставіць, - пакрывілася Каця.
- Што ты ў вершах разумееш! Тое - аўтарскія дапушчэнні. Маю права! - зафанабэрыўся Віктар, потым перамяніў тэму: - Ты ж казала, што Таня тут не адна…
Якраз з цёмнай гушчыні лесу пачуліся гукі - выходзілі з бярэмамі сучча хлопцы.
- Ого, ужо палова класа на прыродзе рыхтуецца да практычных заняткаў па бяспецы сексу…- Юрыс падкінуў дроў у касцёр, прысеў і загаварыў да Каці: - Так, таварыш стараста! Я, як самы нявопытны ў справах любога сексу, не кажучы ўжо пра бяспечны, проста патрабую, каб маёй напарніцай на гэтым уроку быў такі самастойны і адказны чалавек, як ты!
- Спачатку ты мне здасі экзамены на хуткасць па расшпільванню бюстгальтара. У чым я сумняваюся…
Засмяяліся - дружна і ахвотна, быццам даўно засумавалі па простаму і шчыраму смеху. На Таню прыйшоўшыя паглядвалі толькі напачатку, але ніхто ні аб чым распытваць не стаў.
А да кастра яшчэ падышлі - Святлана, з якой Юрыс сябруе, і яе сяброўкі, Наташа і Ніна.
- Ой, глядзі, а нас ужо амаль палова класа, - палічыла хутка Каця. - Дарэчы, наша Вольга Фёдараўна сёння разам з Верачкай дзяжурыць. Так што наша знікненне незаўважаным не застанецца.
- А што, мы проста абавязаны быць на той дыскатэцы? - тут жа ўставіў Юрка Хаванскі. - І не маем права пасядзець вось тут?
- Юрка, ідзі к чорту! - Каця хацела нешта яшчэ дадаць, але тут у яе сумачцы заспяваў мабільнік.
- О, я так і ведала… Што, Мэры? А вам сумна і тлумна, яшчэ горача... Мы ў лесе, слухаем салаўёў.
Юрыс у гэты момант падышоў да Каці, закрычаў гучна:
- Мэры, яна маніць. Ніякіх салаўёў яна не слухае. Сядзіць і пры святле кастра спрабуе адкрыць пачак з прэзерватывам!
- Юрыс! Ідзі адсюль! - Каця адштурхнула Юрыса далей, прадоўжыла: - Ну, кажу ж, у лесе, у Чарэмшані. А тут ужо ўсе, каго на дыскатэцы няма. Прыходзьце…
Каця пакруціла галавой па баках, але Юрыс быў далекавата.
- Ну, ты яшчэ раз вось так скажаш…- прыгразіла яна. - І я яшчэ разлічуся з табой за твае жартачкі. Вось няхай усе дзяўчаты збяруцца, мы табе ўсе твае "падораныя" прэзерватывы на тваю ж галаву нацягнем…
- А між іншым Юрыс не далёкі ад ісціны, - заўважыў Юрка Хаванскі. - Ты, Каця, уяўляеш, як яго і на што адзяваць?
- Няўжо больш пагаварыць пра што няма? - пакрывіўся нехта з дзяўчат. - Надакучыла за дзень: СНІД, прэзерватывы… У Тані такі букет чаромхі, я таксама хачу…
- Ага, хлопцы, пайшлі па чаромху, пакуль астатнія падыдуць, - закамандавала Каця.
Падхапіліся ўсе, толькі Таня, Сашка і Сяргей засталіся сядзець. Сашка крыкнуў услед пайшоўшым:
- Асцярожна, там ламачча поўна!
- І тое ламачча сюды валачыце! Каб да раніцы хапіла! - дадаў Сяргей.
Таня ўважліва глянула на яго:
- Да якой раніцы?
- Я сёння, Танюшка, дахаты не пайду. Бацька ключы запатрабаваў аддаць, пусціць у хату, калі на каленях перад парогам мяне пабачыць. Не абломіцца яму. Я ўжо не стану… Пераначую тут…
- А раніцай? - асцярожна спытаў Сашка, адчуваючы падсвядома нейкую віну перад Сяргеем: колькі правучыліся разам, а не змаглі вось даведацца, як яму жывецца.
- Дасць Бог раніцу, дасць і розум, - бесклапотна заўважыў Сяргей. - Бабуля ў вёсцы жыве - паеду да яе. Блізка, выйду на шашу, прагаласую - і праз гадзіну буду ўплятаць бабуліну яешню…
Напамін пра яешню абудзіў страўнікі - захацелася есці. Ці хоць каб папіць… А можа, то касцёр так уплывае на апетыт: як гарыць агонь, то не проста агонь, а ачаг…
- Сюды б тую яешню, - памарыў уголас Сашка.
З галінкамі чаромхі вярнуліся аднакласнікі. І тут да кастра, асляпіўшы ўсіх зыркім святлом фараў, падкацілася амаль бязгучна машына. Фары патухлі, у салоне ад адчыненых дзвярэй успыхнула цьмянае святло. І стала бачна, што ў аўтамабілі ці не восем чалавек.
- Ура! Няхай жыве свабода!
- Далоў цывілізацыю! Усе ў лес!
- А вы вады здагадаліся хоць з сабой узяць? - гукнула Каця. - Гэй, чыя машына, мо б прывезлі?
- Ды гэта ж мы таксі нанялі!
Адказваў Антон, і адказваў так, што атрымлівалася ў яго не "мы", а "я".
Задавака. Маці - буйны прадпрымальнік, ужо пяць магазінаў невялікіх адкрыла. І Антон заўсёды з грашыма. Апранаецца як на подыум, мабільнік яго долараў пяцьсот каштуе… А яшчэ чатыры гады таму такі забіты быў, хадзіў уздоўж сцен, усяго баяўся. З'явіліся грошы - з'явіліся старэйшыя сябры. З імі і смеласць з'явілася. Плечы выпрастаў, хвост падняў. Маці яго - чалавек добры. Любіць Антона - ён у яе адзіны сын, з мужам яна даўно развялася. Колькі яна пакутавала, пакуль на ногі стала - адно ёй вядома. Але ніколькі не сквапная: як трэба на якое мерапрыемства прызы, то не адмовіць, прывязе і пячэння, і шакаладак, і цукерак… То даіла яе школа і цяпер доіць, колькі можа. Ды і не толькі маці Антона. Як бацька прадпрымальнік - запішуць у мецэнаты. Ну, іншыя могуць адгаварыцца, а вось такія, як маці Антона, - нясуць, што і колькі скажуць.
Таксі паехала, вакол кастра сядзелі ўжо вялікім кругам.
- А і праўда, няблага было б сюды піва! - пашкадаваў Антон.
- Ніякага піва! - прыкрыкнула Каця. - Сёння дзень цвярозасці.
- А чаму?
За Кацю адказаў Юрыс - ён не змог прамаўчаць:
- Таму што дзяцей трэба зачынаць толькі на цвярозую галаву, каб не нараджаліся такія, як ты!
Зарагаталі, Антон пакруціў галавой па баках, раздумваючы: крыўдзіцца ці не.
- Што, тут зараз групавы секс будзе?
- Паўдзельнічаць хочаш? - працягваў Юрыс. - Уступны экзамен: за 10 секунд расшпіліць бюстгальтар у Каці і яшчэ за пяць хвілін знайсці ў яе грудзі!
Выбухнуў рогат - ведалі, што Каця не пакрыўдзіцца. І раней з-за яе невялічкіх грудзей Юрыс з яе кпіў, але цяпер кухталя ў спіну ад Каці ён атрымаў - для парадку.
- Ну, не хочаце піва, то я зараз каву сюды дастаўлю! - вярнуўся да свайго Антон. - Хто жадае каву?
- Слухай… - Каця пачала казаць сур'ёзна, усе замоўклі і прыслухоўваліся. - Хопіць табе выстаўляцца. Хто іншы хай баіцца цябе і тваіх сяброў-пераросткаў, а я не баюся. Цябе сюды не звалі, не цягнулі. Ідзі лепш на дыскатэку.
- Чаго ты наязджаеш?
- А нічога.
- Ну, Каця, кавы папіць было б якраз добра, - умяшаўся Сашка. - Але чайнік да сасны не падключыш.
- Не хачу я яго кавы. І вады не хачу! На Новы год бы паўлін хвост распусціў, усё падкрэсліваў: то ж дзякуючы мне такі ў нас стол багаты! А ў мяне няма гэтулькі грошай, і ў маці няма. Не хачу падачак.
- Я таксама не хачу, - уставіў Сяргей. - Ты, Антон, так даеш, што браць не хочацца. І што, маці патэлефануеш, каб тая сюды каву везла? Яна мо ўжо спіць.
- Ды чаго вы мяне Новым годам папракаеце? - з нечаканай крыўдай закрычаў Антон. - Я што, папракаў вас чым? Ад вас чалавечай падзякі не дачакаешся!
- А ты ніколі дзеля падзякі не рабі, то тады і дзякаваць пачнуць, - заз
  Каментарыяў: 3 | Праглядаў: 16940 | распечатать

Раздзел: УРОКІ ПЕРШАГА КАХАННЯ |
  (11.06.2009 - 16:47) цитировать
 
 
  Вельмі цікавае апавяданне:) Я нават не спадзяваўся, што сучасная беларуская літаратура настолькі смелая і цікавая :) Такой літаратуры і патрэба маладым беларусам!:) Мой блог http://swiatyniasamoty.blog.onet.pl/ Прывітанні усім пісьменнікам з Беларусі ад пісьменнікаў з Беластоку!:)
Ответ от Valeriy
Дзякуй вялікі!
Вітаем Беласток!
Вельмі прыемна пабачыць Ваш водгук. Будзем жыць - то і стрэнемся :)
 
 
 
  (12.06.2009 - 01:09) цитировать
 
 
  Што я бы хацеў бы каб пісаць такую прозу як Вы але пакуль атрымоўваецца мне паэзія :( У Вас проста залаты талант, умееце з'яднаць моладзь. Зараз жа у нават у Польшчы няма такіх пісьменнікаў для моладзі каб так пісалі як вы.Калісці быў Марэк Гласко ў Польскай літаратуры і ён пісаў так як вы .Вось пра яго сайт http://www.marekhlasko.republika.pl/index2.htm як канешна разумееце польскую мову. Спакойнай ночы! :)
Ответ от Valeriy
Дзякуй яшчэ раз.
На жаль, на польскай чытаю з цяжкасцю. Але пагляджу абавязкова.
 
 
 
  (24.11.2009 - 20:08) цитировать
 
 
  ....как-то раз у нас не было биологии. К нам пришёл библиотекарь заменять урок и с собой прихватила пару номеров журнала "Маладосць". Мы с подругами нечаянно наткнулись на это произведение и начали читать, сразу оно у нас вызывало смех. Но я решила его дочитать и оно меня не оставило равнодушным, т.к. в конце я уже читала на полном серьёзе и сделала выводы, что это так и есть. Родители.........дети.....презервативы......учител я........плакаты.....
я считаю, если бы это произведение включили в школьную программу, ученики не только бы с охотой читали, но и рассуждали, делали свои выводы, а не смеялись над этим...
Мне очень понравилось! и не только мне, автору - респект!=)
Ответ от Valeriy
Шчыра дзякую за цёплыя словы!
Чытайце ў "Маладосці" за лістапад новую аповесць "Доказ закона прыгажосці". Думаю, яна не пакіне Вас абыякавай.
Усяго найлепшага Вам!
 
 
 
 
       
 
Copyright © 2007-2008
Беларуская проза
Ремонт окон в Минске