Warning: Illegal string offset 'name' in /var/www/gapeev/data/www/gapeev.brest.by/2z/core.php on line 143

Strict Standards: Only variables should be passed by reference in /var/www/gapeev/data/www/gapeev.brest.by/2z/includes/news.php on line 83

Strict Standards: Only variables should be passed by reference in /var/www/gapeev/data/www/gapeev.brest.by/2z/includes/news.php on line 155

Strict Standards: Only variables should be passed by reference in /var/www/gapeev/data/www/gapeev.brest.by/2z/includes/news.php on line 476
Беларуская проза : УРОКІ ПЕРШАГА КАХАННЯ : Першы боль, або Доказ закона прыгажосці (1)
     
    Беларуская сучасная літаратура
    Проза для дзяцей і падлеткаў
    Валерый Гапееў
   
  Галоўная Рublish Пра сябе    
     
 
Пошук
 
Беларуская проза
 
Тое-сёе...
 
Апошнія запісы
 
Просто записки
 
Апошнія каментарыі
 
Першы боль, або Доказ закона прыгажосці (1)
Увесь чэрвень паліла сонца. Кацярына за вечар выцягвала са студні да 20 вядзёр вады – усё палівала, і палівала: градкі з агуркамі, клубніцамі, памідоры ў цяплічцы. Напачатку балелі нясцерпна рукі, спіна, але тыдні за два ўцягнулася, свой распарадак устанавіўся: праполка зранку, потым гатаванне абеду, зноў праполка, паліванне, вячэра. Звычайная праца, да якой яе змалку прывучаў бацька – сам ён, былы вясковец, не мог без зямлі, вось і гэтае лецішча рабіў, каб не толькі свая садавіна–гародніна была, а каб і душы спакой, і рукам – радасны занятак.
Невялікі домік бацька–нябожчык зрабіў утульным і светлым: есць сталоўка–кухня і пакойчык для адпачынку. Ужо другі год запар Каця ўсё лета праводзіць на лецішчы: яно добрую капейку прыносяць. У мінулае лета за выручаныя ад продажу гародніну грошы ў школу апранулася–абулася сама, сястру і брата апраналуа–абула, яшчэ і маці засталося. То ў гэтым годзе Каця шчыруе ўдвая: клубніц восенню рассадзіла на яшчэ адну граду, агуркоў і памідораў больш. Выпускны клас, трэба ж будзе і сукенка бальная. Ды і маці абнасілася ўшчэнт.
Клалася спаць – бы правальвалася. Яна ніколечкі не баялася заставацца тут адна. Улетку гэты далекаваты ад горада куток пераўтвараецца у самую звычайную вёску – сюды прыязджаюць хто з сем’ямі на выхадныя, на два-тры дні, а ў большасці домікаў людзі жывуць. Вядома, больш старых, але па вечарах іншы раз бывае тлумна і шумна: наязджае моладзь, дымам шашлыкоў засцілаецца наваколле, вішчыць-бухае-улюлюкае музыка далёка за поўнач. Электрычнасць ёсць, адзін прадпрымальны дзядзька арганізаваў на сваім участку нешта кшталту магазінчыка: хлеб, малако, макароны. Гарэлка, вядома. Кацярына пачувала сябе тут спакойна. Яна на самой справе адпачывала: тут кожны дзень заўтрашні быў падобны на сённяшні, тут свядомасць трымала ў сабе вельмі простае і зразумелае заданне: даглядзець за садавінай. Гэта не школа, гэта не кватэра, не брат з сястрой. І не цягнула яе ў горад, лецішча было бліжэй і радней. Тут усё было зразумелым і ясным: праца, мэта, сродкі. Чым у горадзе займацца такой парой – невядома. Брат і сястра ў летніх лагерах, звычны распарадак у доме парушаецца, знікае ці не сам сэнс жыцця ў кватэры – бо гадзіны, а то і дні праходзяць без хоць якой карысці. Сумна не было: Кацярына прызвычаілася да сваёй адзіноты. Ёсць на дачы стары ўжо, але яшчэ рабочы прыёмнік, добра ловіць маладзёжныя станцыі, цэлы дзень барабаніць, музыка гучыць. А калі ёсць час – Каця чытае. Пабачыў бы хто з аднакласнікаў – што чытае Каця. “Тэорыя менеджменту”. Каця не хоча губляць часу…
Два тыдні ліпеня мінула – і пачаліся навальніцы. Першая прагрукатала ноччу , з рэзкімі ўдарамі грому, з такімі ўспышкамі маланак, што асляплялі і праз закрытыя вочы. Вось тады Кацярыне было трохі страшна. Цэлых два тыдні запар, быццам па распарадку, бліжэй к вечару засцілала неба навальнічная хмара, грукатала, ліло. Лягчэй стала наколькі – не трэба цягаць вёдры. Затое трава так паперла, толькі паспявай пустазелле вырываць.
Але не ад навальніц у гэтыя дні ёй стала цяжка заснуць. Пачалі балець грудзі. Кацярына ўвогуле не звяртала на іх увагі раней, ды і на што там было звяртаць: невялічкія, ніяк яны не раслі ў яе, худой і даўгалыгай. І хоць на розныя кіпікі Кацярына знешне не рэагавала, на самой справе было ёй крыўдна. І яшчэ больш – за твар у прышчыках, якія ніяк не сходзілі. Не мала таго каштавала Кацярыне – не паказваць, што ёй крыўдна. Ад самой сябе хаваць гэтыя крыўды, запіхваць іх за іншыя, куды больш відавочныя і вастрэйшыя праблемы: хвароба малодшай сястры (хварэла яна часта), паводзіны брата, гаспадаранне ў кватэры і …грошы, якіх не хапала.
Але грудзі балелі і балелі. Асабліва калі ў рабоце яна выпадкова краналася іх чым. Напачатку думала, што гэта можа быць звязана з менструацыяй (памятала размову на сустрэчы з гінеколагам), але ж апошняя закончылася колькі дзён таму… Абмацвала грудзі, нічога такога не адчувала, адно што крыху балюча было, боль узмацняўся пры націсканні. І, было відавочна, што грудзі прыпухлі вельмі моцна. Але не было часу надта задумвацца на гэтым – якраз агуркі пачалі спець, яна толькі паспявала выбіраць. Пряызджаў на аўтамабілі сусед, прывозіў хлеб, малако, яшчэ што з ежы, што маці перадавала, забіраў агуркі. Тут і першыя памідоры з’явіліся.
Пазаўчора прыязджала маці. Сумнаватая крыху, але не змагла схаваць радасці – добры ўраджай паспеў усяго. Ужо ад’язджаючы, яна неяк пільна, незвычайна зірнула на дачку і сказала незразумела:
– Вырасла ты ў мяне ўжо…
І нечага сумнымі сталі яе вочы. Кацярына паціснула плячыма: што тут сумаваць, калі яна вырасла?
…Сёння з самага ранку задажджыла. Неба было шэрае, ірваныя аблокі імкліва нёс вецер нізка–нізка, над самымі дахамі домікаў на лецішчах. Абязлюдзела вакол – усе пахаваліся. Стала тужліва.
Кацярына распаліла печку ў доміку, паставіла грэць ваду. Вырашыла навесці парадак, хоць з боку гледзячы тут заўсёды было чыста. Але ведала Кацярына такія вугалкі, куды не даходзілі ўвогуле яе руплівыя рукі, Вось, напрыклад, старая шафа – колькі там ляжыць без парадку ўсяго ўсякага абы як, згрувашчана? А канапа? Калі яе падняць, там хлам не чапаўся ўжо некалькі гадоў…
Вось з канапы і пачала. Выкідвала старыя ношаныя рэчы, нейкі абутак, можа, і бацькі–нябожчка, а на самым дне пабачыла вялікі чорны ліст шкла ці не на ўсю даўжыню канапы – перавернутае ўніз, ляжала люстра. Кацярына зірнула на старую шафу ў вуглу пакойчыка і зразумела, што гэта вялікае люстра вось з гэтай шафы. Яна помніла гэтую шафу з вялікім цьмяным люстрам – у бабулі яна стаяла. І яна, тады зусім маленькая дзяўчынка, баялася падыходзіць да гэтага люстра – у яго таямнічай глыбіні адлюстроўваўся не маленькі бабулін пакойчык, а нейкі вялікі і доўгі, незнаёмы пакой, і яна здавалася там зусім іншай – не вясёлай і непаседлівай, а сумнай і спалоханай.
…Кацярына асцярожна дастала цяжкі чорны прамавугольнік, павярнула. Люстраная паверхня была ў плямах тлустага пылу, цьмянай і загадкавай. Кацярыне не тое што не хацелася зазірнуць і пабачыць свой твар – было нечага вусцішна, быццам нешта нечаканае, нават варожае хавалася ў старой глыбіні люстра пад слоем пылу. Кацярына раптам падумала: ўжо амаль два месяцы яна ні аднаго разу не глядзелася ў вялікае люстэрка. Адно што ў маленькі прамавугольнічак з касметычкі.
Раптоўна гарачая хваля кранулася яе твару, ў скронях забухала кроў. Нейкае патаемнае жаданне нарадзілася ў ёй, яна баялася нават цалкам сфармуляваць яго, было сорамна ад аднае думкі пра гэта, але ўжо ведала – здзейсніць жаданне, вось тут, сёння, але не цяпер, пазней…
Прамавугольнік люстра паставіла да шафы, пачала займацца навядзеннем парадку, увесь час стрымліваючы сябе, каб не заспяшацца, каб рабіць усё старана, грунтоўна – калі яшчэ выпадзе такі дажджлівы дзень?
Раптам захацелася пачуць музыку. Пакруціла настройкі прыёмніка, адшукала – якраз прыемная мелодыя.
Дзень пакрысе хіліўся да вечара. Абедала похапкам – не хацелася сёння нічога гатаваць. Нарэшце закончыла – ва ўсіх кутках, якіх хацела, Кацярына прыбрала. Прынесла вялікія ночвы, прышчапіла дзверы на кручок, зацягнула шторы на дзвюх акенцах. Наліла вады. Пакуль тая сыходзіла парай, распранулася, цалкам.
Мылася з незразумелым унутраным хваляваннем, як абмыванне рабіла перад сваёй патаемнай справай. Выціралася старанна, доўга церла валасы. Потым прычасалася, і як была, не апранаючыся, з мокрым ручніком рушыла да старога люстэрка. Пачуццё гаспадыні пратэставала супраць гэтага – ручніком, якім толькі што выцерла сваё цела, ды праціраць бруднае люстра. Але нешта ўнутры літаральна загадвала: менавіта гэтым самым ручніком, бо ручнік памыецца, а такое будзе адзін раз. Церла люстра, як адкрывала свет у невядомае, і баялася зазірнуць, стрымаць свой позірк на нейкай дэталі. Яна ведала, што пабачыць нешта нечаканае для сябе. Ведала – бо мо за апошнія паўгода яна сёння ТАК звярнула ўвагу на сваё цела. І яшчэ калі мылася, заўважылі вочы, адчулі далоні рук – змянілася. Але страх перад люстрам быў ўсё адно вялікі – раптам ёй толькі падалося? Раптам падманулі яе яе рукі?
Нарэшце люстра стала чыстым.
Кацярына адышлася на два крокі ад яго, кінула да ночваў брудны цяпер рушнік – і павярнулася, зірнула ў люстра. Першы раз за сваё жыццё яна стала перад вялікім, амаль у яе рост, люстрам цалкам аголеная.
І зніякавела. Хваля радаснага здзіўлення падкацілася пад самае горла, задыхала часцей, гарачынёй успыхнуў твар. Яна пазнавала і не пазнавала сябе. Яна не памылілася…
Найперш кінулася ў вочы – яе “медыцынскія прышчыкі”, як кпіў з яе грудзей Юрыс, акругліліся, наліліся, асцярожна і сарамліва выстаўлялі наперад цёмна–ружовыя саскі. Папаўнелі сцёгны, рукі ад плячэй і самі плечы. Ўвесь стан яе пакруглеў, лініі цела набылі плаўнасць і лёгкасць, а з імі – ужо ўлоўную жаноцкасць.
Кацярына разглядвала сябе, лёгка кранаючся плечаў, грудзей, жывата, сцёгнаў – потым павольна наверх… Тое, аб чым яна і марыць забылася, адбылося. Успомнілася маці, і яе просты адказ некалі раней на неспакой Кацярны адносна свайго стану: “Прырода сваё возьме. І мая маці, і я сама як дошкі былі. Бабуля твая замуж ішла, грудзей не было. А нарадзіла – адкуль што і ўзялося. І я ў дзеўках была даўгалыгай. А цяпер – во…”
Улеглася хваляванне. Ужо апранаўшы бялізну, Кацярына зноў падышла да люстра, больш пільна агледзіла свой твар. Ён быў роўна загарэлы, скура яшчэ і цяпер трохі ружавела ці то ад гарачай вады, ці то ад узбуджэння. Але галоўнае – не было бачна прышчыкаў. Толькі на ілбе яшчэ заставаліся крыху, але і яны, было бачна, сходзілі.
Як ніколі доўга, Кацярына не клалася спаць, і не стала накідваць нічога больш на плечы – ад натопленай печкі было цёпла ў пакойчыку, і проста не хацелася апранацца, хацелася парушыць сёння тыя няпісаныя для самой сябе нормы: у бялізне не ходзяць па пакоі, не свяціць голымі нагамі і жыватом – у бялізне спяць… А сёння Кацярына гатавала сабе чай у адных трусіках і кароценькай маечцы. І паглядвала, не магла стрымацца, на сябе ў люстры, такую вось – на канапе, з кубкам, з голымі нагамі і сцёгнамі. Быццам не адна яна піла чай, а сама з сабой: тая, якой была гэтыя 17 гадоў, нязграбная і непрыгожая, з іншай – з той, якой марылася стаць, якой пачала станавіцца вось тут, у гэтым пасярэбранай тоўстай шкліне. І там, у загадкавай глыбіні люстра, яшчэ было, угадвалася ў ледзь прыкметных лініях–трэшчынках і няроўнасцях шкла тое страшнаватае з дзяцінства, што пужала ў далёкім бабуліным пакойчыку, а сёння – абяцала. Што абяцала? Невядома. Але ў ім, у абяцаным будучым было толькі прыемнае, вялікае і светлае.
Кацярына легла, хоць ніколькі не хацелася. Патушыла святло – і углядвалася ў цемру, слухаючы мяккае шапаценне дажджу па даху, па лістоце каліны, што расла ля сама акна.
…Доўга, вельмі доўга, гнала яна ад сябе гэтую думку, не, не думку нават, а саму магчымасць аб гэтым думаць. Ледзь толькі там, у глыбіні свядомасці пачынала мроіцца тое забароненае, Кацярына тут жа засяроджвалася на сваіх градках з клубніцамі ды агуркамі–памідорамі. З усяе моцы уяўляла яна, як выручаць яны многа грошай, што і дзе будзе купляць яна для сябе, для брата і сястры, для маці. Як закончыць гэты свой апошні год у школе, потым хуткія курсы і – на працу, на працу… Тады ўжо, нарэшце, яна зробіць у іх кватэр рамонт, тады будзе ўсё тое, што яна бачыла ў сваіх сяброў–аднакласнікаў, чаму ціха зайздросціла, без чаго было сорамна: новы тэлевізар, новая мэбля, пральная аўтаматычная машна… Тады будзе лягчэй ім выплачваць такі непад’емны сёння крэдыт за іх кватэру, якую купіў яшчэ бацька, так марачы аб добрым жытле для сваёй вялікай сям’і. Збылося, ды толькі ўсяго тры гад пажылі яны ў светлых пакоях разам.
А потым, потым яна паступіць на завочнае і будзе вучыцца. Яна здолее – гэта цяпер яна не ў лідэрах, не сярод лепш – проста не хапае часу, бо маці ж на двух работах, і ўся работа па дому на ёй, на Кацярыне…
А потым…
І быццам прарвалася плаціна. Кацярына адмахнулася ад сваіх асабістых забаронаў: няхай сёння – сёння можна, сённяшні дзень падарыў ёй такую дзіўную надзею. І яна дазволіла сабе: марыла–мроіла аб тым, якой яна стане сама: разумнай, паспяховай і …прыгожай. І тады… тады будзе ўсё магчымае для таго, каб сустрэцца з Ім. Яны стануць сустракацца. І наступіць той момант, калі не яе ўласныя рукі, а Яго! вось так асцярожна крануцца яе аголенага цела, плячэй, грудзей, жывата…будуць лашчыць і здзіўляцца. Яна тады нарэшце дасць дазвол сваім пачуццям – і ўся тая пяшчота, якая збіралася ў ёй, бы вада ў перагароджаным раўчуку ўсе гэтыя 11 год вучобы ў школе, перахлісне праз край, вырвецца на волю…
Тады… потым…
Ёй не так і многа чакаць – яна столькі ўжо чакала, яна столькі ўжо зрабіла – і зробіць яшчэ больш. Яна змагла стаць старастам класа – Яму ўжо не сорамна за яе. Яна змагла апранаць сябе ў мінулым годзе не горш за іншых.
Цяпер яна стане прыгожай. Ўсё мяняецца! Яна здолее, яна стане такой, яна даб’ецца тых вяршынь, калі Яму, сыну бацькі–прафесара і маці–кіраўніка не будзе сорамна прыняць ад яе яе каханне.
Гэтага дабіцца проста – бо гэта залежыць толькі ад яе жадання. Гэта не прышчыкі на твары і не грудзі–“прышчыкі”. Самае галоўнае ёй дала нарэшце прырода – астатняе яна здолее сама… І падорыць яму сябе.
Нейкая частка свядомасці супраціўлялася ў Кацярыне, падказвала аб непрыстойнасці яе дум–мараў, але зладзеяватае – “сёння можна…” узяло верх – і Кацярына літаральна па хвіліне стала перажываць у марах ТУЮ ноч, якая, верыла будзе ў яе з Ім.
Ніколі не перажытае ёй раней узбуджэнне хвалявала да трымцення сэрца, да судараг мышцаў ног і жывата. Яна і баялася і жадала яго, адчуваючы, што перад ёй вяршыня нейкага невядомага ёй раней адчування, неязведанага, шчымліва–інтымнага, пра якое нікому–нікому не скажаш, хіба што толькі Яму. Неакрэсленнае жаданне стала падобным на чорную бездань, якая цягнула, і супрацьстаяць якой было немагчыма. І не хацелася. Сёння не хацелася.
Яна апускалася ў глыбіню свайго жадання, як на дно возера ў празрыстай вадзе – гэта страшыла і цягнула. Яна нейкі час спрабавала супраціўляцца, у кароткія імгненні імкнулася наверх, да свету, але глыбіня клікала, узбуджэнне расло, перахоплівала дыханне. І яна рынулася ўся сама – у гэтую бессаромную глыбіню, і ўмомант знікла лецішча, дождж за акном, усе гукі і ўвесь гэты свет – толькі яна засталася і жаданне, якому падпарадкаваліся яе цела і рукі, што згубілі ўсякі сорам... Сорам застаўся недзе там, на паверхні, ў тым свеце...
Неверагоднай сілы пачуццё быццам узарвала яе знутры, Кацярыну літаральна падкінулі імгненна напятыя мышцы кожнай тканачкі яе цела – і гарачая хваля абпаліла яе свядомасць невыносным, да слёз, задавальненнем.
…Знясіленая, яна нейкі момант глядзела на сябе быццам з боку. Ёй раптам падалося, што нехта мог назіраць за ёй у гэтыя хвіліны. І ўжо яшчэ адна хваля – сораму – абдала кіпенем яе цела і яно умомант пабралася на “гусіную скуру”.
Але лагодна, заспакойваючы шумеў ціхі дождж па калінавым лісці. І Кацярына супакоілася. Устала, паправіла скамечаную прасціну, ўзбіла падушку, кінула наверх коўдру. І потым села, зноў гледзячы ў глыбіню старога люстра. Там была толькі цемра. Але, здавалася, цёплая цемра. Толькі цяпло тое нельга было паказваць іншым.
Легла і заснула хутка, безупынна паўтараючы ў сваіх думках клятву–заклінанне: больш ніколі, больш ніколі, больш ніколі яна не зоймецца ГЭТЫМ.
Але колькі яна не пераконвала сябе ў бессаромнасці свайго ўчынку, недзе далёка ў свядомасці, бы цвічок маленькі, тонкі і востры, новенькі ўбілі па самую шляпку ў гладкую дошку: ты пазнала сёння такое, чаго не ведала раней. Ты глынула такога салодкага...
І разумела Кацярына, што не вытравіць са сваёй памяці гэта пачуццё – як немагчыма дастаць той маленькі цвічок, не пашкодзіўшы паверхню дошкі...
2
Прачнулася рана, як і заўсёды – ад гоману птушак. Але на гэты раз доўга ляжала, перадумваючы і успамінаючы учарашні вечар. Было адчуванне, быццам яна нешта ўкрала. У каго? Не ведала. Урэшце яна села на ложку і зноў зірнула туды – ў бабуліна люстра.
І супакілася. Што адбылося – тое адбылося. Грэх? Няхай грэх: за яго яна заплаціла вунь колькі сваім жыццём, ды хоць двума апошнімі месяцамі на гэтым лецішчы. І яшчэ давядзецца плаціць…
Сонца ўзнялося добра, дзень абяцаў быць спякотным. І Кацярына вырашыла апрануць стары купальнік, а не звыклыя лінялыя майку і шорты. Перапраналася, і ў той момант, калі на секунду стаяла аголенай, зноў казытлівая хваля ўзбуджэння прабегла па скуры. Яна не стала засяроджвацца на ёй, хутка завязала канцы купальніка, пачала гатаваць сабе сняданак.
Прыбірала на стол, калі побач з лецішчам прыпынілася машына, паехала далей, а на дарожцы пачуліся крокі.
Маці прыехала.
Каця яе ніяк не чакала і ў першую секунды спалохалася: раптам здарылася што, і ў той жа момант успыхнуў у свядомасці яе грэх і думка пранізала – вось і расплата…
Але маці стаяла на парозе з усмешкай, лагоднай, нават крыху вінаватай.
– Добрай раніцы, дачушка.
– Добрай раніцы, – супакоілася Кацярына. – Здарылася што?
– Нічога не здарылася. – Маці прайшла ў пакой, прысела да стала, працягнула цэлафанавы пакет: – Тут кава табе, цукеркі, пячэнне.
– Ого! А што за свята? І чаму ты не на рабоце?
– Такае свята… – ціха працягнула маці, раптам пільней паглядзела на дачку і выдыхнула са здзіўленнем і незразумелым шкадаваннем: – Ой, як ты пакруглела, Кацярына,.. зусім ужо дзеўка. А я за работай і не бачу…
– Ты мне кампліменты не развешвай на вушы, – усміхнулася Кацярына, хоць было сорамна нечага – і чаго яна ўздумала апранаць купальнік! Але было і прыемна: значыць, не падманулі яе яе рукі, не падманула бубуліна люстэрка. – Расказвай…
– Што расказваць… мужчына ў мяне ёсць.
Маці вымавіла гэтыя словы проста, але Каця раптоўна адчула ўсё тое напружанне, якое ў гэты момант ахапіла маці. Нельга было маўчаць, зразумела яна, і гэтак жа проста адказала:
– Навіна як навіна. Ты – жанчына, адна дзевяць гадоў жывеш. Нічога дзіўнага не бачу.
Маці маўчала, глядзела ў стол. Потым падняла вочы і з вінаватасцю загаварыла:
– Мы два гады ўжо сустракаемся. А цяпер… ён хоча разам жыць.
– А малыя?
Кацярына спытала гэта нават не думаючы, з лёгкай трывогай у голасе. Ёй ўсё раптоўна стала зразумелым і ясным. Яна і на самой справе ніколькі не здзівілася гэтай навіне. Бо разумела, што маці, прывабная яшчэ жанчына, у свае 42 гады проста павінна мець мужчыну. Бацька ж памёр так даўно. Не было, нават ніколькі думкі не было такой, што ў прызнанні маці хаваецца нейкая здрада. Мо таму, што не раз і не два чула ад суседак, што даўно б пара было маці прывесці ў дом мужчыну, бо як жа цяжка адной з трыма дзецьмі. Сама яна бачыла, ведала, якіх высілкаў каштуе ім – маці і ёй – трымацца на нейкім больш–менш прыстойным узроўні. І не аднойчы (больш цішком, з нейкім незразумелым сорамам для сябе) думала аб тым, што маці яе, прывабная на яе думку, пазбаўлена мужчынскай ласкі, кахання…
– А ты? – выдыхнула маці.
– А што я? – паціснула плячыма Каця. – Я… я за цябе радуюся. А малых я сама на месца пастаўлю, калі што… Ты будзеш каву са мной?
– Налі крышку, – стомлена кіўнула маці, быццам толькі што зрабіла цяжкую працу. – І яшчэ… я адпачынак узяла. Сяргей… ну, мужчына, пуцёўкі на мора ўзяў. Праз два дні ехаць…
– Так, зразумела… – Каця разліла кіпень у кубкі з насыпанай кавай. – Значыць, паехалі дадому, так? Табе ж хоць голай едзь – няма анічога.
– Няма… – уздыхнула маці і выцерла нечакана ўзмакрэлыя вочы. – Дзякуй табе, Кацюшка…
Кацярына ўстала, падышла да маці, прыціснулася шчакой да яе галавы, абхапіла яе за плечы:
– Паехалі! Мы зараз зробім з цябе такую красуню, што твой Сяргей цябе не пазнае. Дарэчы, хто ён?
– Ён… наш, мясцовы. З аднае фірмы, заказ у нас выконвалі. Намеснік дырэктара. Ён добры… ціхі. Не п’е. Не пашанцавала яму, быў жанаты, але пражылі год толькі, развяліся. То і пражыў адзін. У яго кватэра свая ёсць, але там маці старая, ён даглядае…
– Стой, стой, потым раскажаш, – перапыніла Кацярына маці. – Зараз я хуценька пераапрануся і паехалі.
– Чакай, дачушка, камандзір ты мой, – усміхнулася маці. – Мне грошы адпускныя не налічылі.
– Дык ёсць жа ў нас!
– Гэта ж на школу вам…
– Глупства! Месяц да школы цэлы, вунь колькі агуркоў і памідораў спее, яшчэ заробім. У лахманах паедзеш? Ты калі апошні раз хоць у нармальнае адзенне апраналася? Усё па “кропках” кітайскія падробкі купляем. Так, я зарабіла, то я і камандаваць буду. І купальнік у нармальнай краме купім, а то яшчэ апранеш якую брыдоту, потым сама не рада будзеш, як у ваду залезеш… Ой, колькі нам усяго трэба! У цябе ж ні халата, ні сукенкі, ні на ногі што добрае.
– Я ўсё вярну, – паспешліва сказала маці і ўсміхнулася: – Вось якая ты ў мяне стала…
У гэты час Кацярына прыбірала са стала, зіркнула на маці і пабачыла поўны захаплення і любові позірк.
– Ты чаго так глядзіш? – крыху сумелася яна.
– Вырасла ты, – яшчэ раз паўтарыла маці раней выказаную сваю думку. Рана ты ў мяне дарослай стала. А цяпер і во якая.
У голасе было і захапленне, і затоеная трывога. Кацярына толькі паціснула плячыма.
– Аўтобус пачакаем ці на спадарожных? – спытала яна, калі выйшлі на правулак з лецішча.
– Не, не трэба, – заспяшалася маці. – Там нас чакае… Сяргей. То вы і пазнаёміцеся.
Кацярыне мужчына спадабаўся: звычайны такі, просты і выгляд меў сапраўдны, мужчынскі. Падцягнуты, акуратна апрануты. Зрэшты, іншага Кацярына і не чакала: калі маці столькі гадоў пражыла адна, то абы з кім не завязвала б адносінаў…
Знаёмства было простым і чамусьці адразу стала ўсё звычайным і будзённым: быццам даўно яны знаёмыя былі. Мо таму што сам Сяргей так трымаўся – проста, бы сябар–таксіст: без бачнага жадання уразіць, спадабацца, але ветліва і паслужліва, цярпліва, як і належыць мужчыне, калі возіць па магазінах жанчын.
Цэлы дзень прайшоў у тлуме магазінным: прымервалі, вышуквалі, перабіралі… А ў сэрцы Кацярыны расла і расла радасць. Толькі цяпер яна з яскравасцю пачала разумець тое, што адбылося ў іх жыцці, што яшчэ можа адбыцца. І выбірала, несла маці на прымерку ўсё самае прывабнае, ніколькі не зіркаючы на кошт. Ведала: грошай на адзенне маці хопіць, хопіць даць і з сабой у дарогу. А потым… А што будзе! Падумаеш – будзе не бальная ў яе, а простая сукенка. Затое будзе ў маці такі шчаслівы адпачынак! І недзе яшчэ далёка ў свядомасці грэлася, цешылася думка: яна так і павінна паступіць, яна павінна ўсё аддаць, то якраз і будзе яе індульгенцыяй за той учарашні начны грэх…
3
Тры тыдні без маці цягнуліся доўга. Потым адбылося тое, на што Кацярына ніяк не магла разлічваць. Маці вярнулася з Сяргеем Віктаравічам і праз два дні яны распісаліся ў ЗАГСе. У іх кватэры наладзілі вячэру – і колькі было вясёлых і добразычлівых гасцей у іх хаце! Як даўно ў іх не было столькі музыкі, вясёлага гоману і вэрхалу.
А назаўтра, пасля такога вось хатняга вяселля, маці паклікала яе на кухню. Там быў і Сяргей Віктаравіч, узрушаны (такім яго Кацярына яшчэ і не бачыла), хваляваўся крыху, калі звярнуўся да яе:
– Кацярына, тут такая справа… ты ж пазнаёмілася з маёй маці?
– Вядома, – кіўнула Кацярына.
За маці Сяргея Віктаравіча яна прыглядвала на вечарыне: сціплая, сухенькая жанчына, амаль увесь вечар прасядзела у куточку пакоя, слухаючы вясельны шум і пазіраючы слязлівымі вачыма на гасцей. Больш за ўсё – на свайго сына і цяпер ужо на яго жонку, на маці Кацярыны.
– Дык вось, такая справа, – зноў пачаў Сяргей Віктаравіч. – Я цябе прашу зразумець правільна маю…нашу прапанову. Мама ў мяне вельмі добры чалавек. Яна слабая і старая, ёй цяжка жыць адной. Вядома, я буду заходзіць калі трэба… Ат, не тое кажу… Мама сама прапанавала нам, ды і, што тут скрываць, мы таксама… думалі пра гэта. У мяне ж двухпакаёвая кватэра… То… ты магла б жыць у адным пакоі…
Сяргей Віктаравіч змоўк, пэўна ж чакаючы адказу, але Кацярына маўчала, разгубленая такой перспектывай. Яе гоняць з роднай кватэры? Ці ёй даюць адной цэлы пакой ў іншай кватэры, дзе не будзе штодзённага галаману, дзе яна будзе сама сабе гаспадыняй?
– Кацюша, ты зразумей, мы цябе не гонім, – асцярожна пачала казаць маці. – Мне цяпер не трэба на двух работах сядзець, я сама тут спраўлюся добра. А ты дарослая зусім, выпускны клас, табе пакой асобны трэба, а не на гэтай кухні ўрокі рабіць. А Ганна Міхайлаўна жанчына вельмі добрая, яна сама вельмі хоча, каб ты жыла з ёй…
Так у жыцці Кацярыны раптоўна ўсё змянілася. Яшчэ праз тыдзень яна стала гаспадыняй вялікага, светлага пакою, дзе для яе ўжо стаяла новая мэбля: шырокая тахта, вялікая шафа для адзення, шафа для кніг, новы пісьмовы стол. У першы свой вечар ёй было вельмі вусцішна тут, яна ніяк не магла паверыць у тое, што гэты пакой цяпер – яе. Яе ніяк не пакідала адчуванне таго, што яна тут часова, што вось прыйдзе вечар – і яна зноў будзе ў сваёй звыклай тлумнай кватэры. Але надышоў вечар і гаспадыня, Ганна Міхайлаўна, ціхенька пастукаўшы ў дзверы (вось нечаканасць для Кацярыны) запрасіла яе на кухню – піць гарбату. Старэнькая жанчына вінавацілася, што не спытала адразу, якую гарбату любіць піць Кацярына – яга згатавала зялёную. Кацярына разгублена адказала, што не задумвалася ніколькі раней над гэтым: абы была гарачая ды цукар.
– О, гэта няправільна, – мякка паўшчувала Ганна Міхайлаўна. ¬– Правільная выбраная гарбата, правільна згатаваная – гэта і настрой, і здароўе, і прыгажосць.
Пакуль яна разлівала напой у кубкі, накладвала самаробнае пячэнне па сподачках, няспешна расказвала пра гарбату: як гатаваць, як піць…
А потым, бачачы скаванасць Кацярыны, пачала распытваць яе пра яе саму, старанна выбіраючы пытанні, тактоўна і нязмушана. Так пыталася, што адказваць хацелася… Крыху ніякавеючы, Кацярына адказвала састарэлай жанчыне. Праз колькі хвілін ніякаватасць знікла: Ганна Міхайлаўна слухала яе ўважліва, распытвала са шчырай цікавасцю. І вочы яе пазіралі на дзяўчыну з лагодай. Размова за сталом зацягнулася, гарбата даўно была выпіта, а яны сядзелі на кухні – дзяўчына і старая жанчына – быццам дзве сяброўкі і гаманілі. Каця асмялела, сама распытвала старую аб яе жыцці, аб маладосці. Неяк незаўважна на тэму адносінаў між хлопцамі і дзяўчатамі перайшлі. Вочы Ганны Міхайлаўны іншы раз гарэзліва ўспыхвалі, як яна расказвала што са сваёй маладосці. А Кацярына глядзела на яе, ссівелую, сухенькую, і ніяк не верылася, што яна была некалі такая ж маладая, прыгожая…
А потым у дзверы пазванілі – Сяргей Віктаравіч не стаў карыстацца сваім ключом. Ён занёс у кватэру, а потым у пакой Кацярыны вялікія каробкі. Праз дваццаць хвілін камп’ютар быў сабраны: новенькі, бліскучы, з вялікім плоскім экранам.
– Гэта табе, Кацярына, каб не было часу сумаваць, – трохі ніякавата патлумачыў Сяргей Віктаравіч. – Прымі, як падарунак. Я ведаю, сёння старшакласніку без яго не абысціся. Заўтра пад’едуць з сервіснага цэнтру, падключаць да Інтэрнэту. Вось… карыстайся…
У гэтую ноч Кацярына ніяк не магла заснуць. За нейкі тыдзень яе жыццё перавярнулася: яшчэ колькі дзён таму бедная папялушка і вось цяпер, лічы, – прынцэса.
Здаецца, усё было так добра, так нечакана добра – толькі радуйся. Але разам з радасцю вярэдзіла душу трывога. Як гэта: ні за што, задарма і адразу – гэтулькі шчасця і ёй, і маці, і сястры з братам. Хаця, чаму задарма? Хіба не выпакутавалі яны сваё шчасце? Хіба 10 гадоў у школе Кацярына не была брыдкім качанём? І вось – лебедзь…
Прычына трывогі была глыбей і значней.
Усё свае жыццё пасля смерці бацькі Кацярына разлічвала толькі на сябе і маці. Яна ведала, што яе заўтрашні дзень залежыць амаль цалкам толькі ад яе. Гэта было звыклым і зразумелым. І будучыню сваю Кацярына будавала, зыходзячы толькі са сваіх магчымасцей, свайго жадання. Цяпер жа раптоўна, за нейкіх тры тыдні ў яе жыцці адбылося столькі змен, жыццё стала зусім іншым, ніяк не падобным на тое, ранейшае – і Кацярына не мела да гэтых зменаў ніякага дачынення. Вось гэта хвалявала, вось гэта трывожыла. Так, безумоўна, змены добрыя, але ж, калі яна не магла на іх паўплываць, то як прыйдзе нейкая навала, то таксама можа скласціся так, што Кацярына нібыта будзе стаяць убаку…
Яна нечакана для сябе, праз унутранае супраціўленне ўсё ж прызнала: жыццё яе залежыць ад іншых людзей куды больш, чым раней яна ўяўляла. І заснула, калі цалкам усвядоміла гэтую адкрытую самой для сябе ісціну. Супакоілася. Бо ведаць – значыць, быць гатовым…
4
Ісці на высокіх абцасах не тое што нязручна – незвычайна. Кожны крок – вывераны. Ты ідзеш і падсвядома трымаеш у думках гэты працэс хадзьбы: правая нага, левая нага. Рэдка Кацярына абувала туфлі на высокім абцасе, хіба што на які вечар. А цяпер – яна абула іх проста на заняткі. У іх не пабяжыш, не заспяшаешся. І бегчы не хацелася – хацелася ісці вось так, пільна сочачы за кожным сваім крокам, адчуваючы сваю выключнасць і важкасць сярод цэлага натоўпу. На яе паглядвалі з цікавасцю, а ёй было прыемна адзначаць гэтыя погляды. Вось ля святлафору (праз дарогу – школа) прыпынілася, і нейкія малыя, зіркаючы цішком на яе, зашапталіся. Яна выразна пачула: “Кажу табе – новенькая…”. Зразумела – яе прынялі за новую, маладую настаўніцу… З–за абцасаў. І яшчэ з–за касцюма. Касцюм – спаднічка, піджачок і блузка – то не на свята, то на кожны дзень, Кацярына так вырашыла. Валасы не сабраны ззаду ў звычны хвост, а вольна раскінуліся па плячах, густыя, доўгія, толькі ледзь прыхопленыя ля скроняў заколкамі. І так будзе штодзень.
Ішла, і быццам назірала за сабой збоку. Вось што значыць высокія абцасы…
– О–о!
Юрыс лыпаў вачыма, нават смешна патрос галавой, быццам хацеў прагнаць насланнё. – Таварыш… Ой, не: спадарыня стараста, дакладваю: 11–а амаль у поўным складзе пасля лета гатовы кінуцца ў бой за атэстаты…
– Вольна, – Кацярына радасна ўсміхнулася Юрысу.
Ён не ўтрымаўся, выгукнуў:
– Ну, Кацька, ты і даеш! Крута! Ваў, якой ты стала!
– Якой? – Каця хітравата прыжмурыла вочы.
– Ну…, – замяўся Юрыс. – Ты на настаўніцу падобная. І, гэта …прыгожая ты, вось, – закончыў ён, нечакана быццам засаромеўшыся.
– На настаўніцу, кажаш? – усміхалася Каця. – Што, шкадуеш, што так старанна загатаванае мне прывітанне, дзе будуць узгаданы мае медыцынскія прышчыкі, сарвалася?
Піджачок не быў зашпілены, блузка, паўпразрыстая, не хавала бюстгальтара. І былі ў тым бюстгальтары зусім не медыцынскія прышчыкі – гэта Юрыс і заўважыў мо найперш.
– Ат, мінулася дурніца, – засаромеўся ён. – Не, праўда, ты класна глядзішся! Хоць і іншыя нявестамі парабіліся, аднак ты – круцей усіх!
– Пайшлі, жаніх разгублены! Твой камплімент прымаецца.
Ад агароджы, дзе Юрыс і сустрэў Кацярыну, яны пайшлі разам у школу.
Сваіх знайшлі адразу. І тут Кацярына заўважыла, што тыя змены, якія адбыліся з ёй за гэта лета, не выключныя, не нейкія асаблівыя. Не толькі ёй падаравала гэтае лета росквіт – вунь колькі дзяўчат раптоўна набылі сапраўдную жаноцкасць форм, вунь у колькіх свеціцца ў вачах глыбінны свет новага нараджэння. І апранутыя так, што самае лепшае, самае прыгожае – навідавоку, ці то спаднічкай, ці то блузкай падкрэсленае. А хлопцы – сур’ёзныя, у некага вунь, як у Сяргея, вусы так добра відаць. Погляды стрыманыя, усмешкі кароткія, толькі вугалкамі вуснаў.
І класная, Вольга Фёдараўна, аж у ладкі пляснула ў захапленні:
– А воечкі, як жа выраслі! Вой–вой, такія ўсе дарослыя…
Кацярына была рада таму, што апошняе вучнёўскае лета не ёй адной прынесла змены. Не хацелася ёй быць у цэнтры ўвагі хоць адзін дзень з–за сваёй фігуры. Няхай бы толькі Ён заўважыў, няхай бы толькі Ён адзін ацаніў…
Таня падышла, вінавацячыся загаварыла:
– Каць, ты выбачай, мы з Сашкам сядзець разам будзем. Так атрымалася, мы за лета з ім… ну, сама разумееш. Не крыўдуй, што цябе кідаю…
– Ат, далібог, якія крыўды, – адмахнулася Кацярына, але навіна кранула непрыемна. Не, не таму, што Таня будзе сядзець з Сашкам, а таму, што яна раптоўна, нечакана для сябе, засталася адна. Тут жа даўно усё падзелена на пары… А Ён? З кім Ён? Як і ў мінулым годзе, з Віктарам?
Таня адышлася, і неспадзявана, быццам з пад зямлі перад Кацярынай апынуўся Юрыс.
– Шаноўная паненка! Дазвольце Вам прапанаваць на ўвесь гэты навучальны год маё існаванне побач з Вамі! Абяцаю весці сябе ціха–ціха, бегаць па ваду, насіць кніжкі па кабінетах і весці сябе прыстойна!
Замаўчаў, лыпаў смешна вачыма, а ў тых вачах недзе глыбока–глыбока тлеў на донцы ці то страх, ці то сорам.
– Ты пра што, Юрыс? – не зразумела Кацярына, на самой справе не надта задумваючыся над тырадай хлопца.
– Ну, як пра што, – разгубіўся Юрыс.
Ён замаўчаў, галаву апусціў – і куды дзяваліся яго пастаянная упэўненасць і гатоўнасць несці бязглуздзіцу ў любы момант. Так, не ўзнімаючы галаву, быццам нешта надзвычай важнае для яго позірку знаходзілася ля яго новых туфляў, ён прапанаваў проста:
– Таня ж з Сашкам садзець будзе. Ну, ты адна засталася, я адзін таксама. У мяне развод канчатковы, абскарджванню не падлягае, – ён зноў сабраўся, гарэзліва зірнуў на Кацярыну: – Возьмеш да сябе за парту кінутага?
Кацярына не стала пытацца, чаму ён кінуты – яшчэ напрыканцы мінулага года сваркі Юрыса і яго дзяўчыны, Святланы, былі вядомы ўсяму класу. І адказала толькі:
– Ніякіх пытанняў. Але наконт падручнікаў помні. І калі што – зразу ў лоб.
Хацелася пашкадаваць, што так хутка згадзілася – а раптам ўсё магло быць іначай? Але тут жа абарвала сябе: памятай, кім табе трэба стаць. Хопіць табе добрых пераменаў у гэтым годзе. Аж занадта хопіць…
5
– Юрачка, не сумуй надта, я буду тэлефанаваць штотыдзень, – казала маці, ужо апранутая.
Яны усе – Юрый, маці, бацька прыселі ў пярэдняй, чакалі таксі. Бацька трохі нерваваўся – таксі затрымлівалася ўжо на тры хвіліны.
– Ды не будзе яму часу сумаваць, – буркнуў ён. – У разумнага чалавека няма часу на сум і дурныя заняткі.
– Ой, ды ведаю я, што наш сын разумны і сталы, – маці з пяшчотай паглядзела на Юрку. – Але ж першы раз на столькі часу, ды яшчэ заняткі…
– Мне сумна не будзе, – упэўнена адказаў Юрый. – Можаце асабліва не клапаціцца.
– Яно вядома… – маці задумалася. – Як добра, што ты ў нас такі самастойны стаў. А то такі кантракт, столькі аб ім марылі…
– Едзьце спакойна ў свае Эміраты, – усміхнуўся Юрый. – Няма чаго з-за мяне хвалявацца.
– Дарэчы, пра грошы яшчэ раз, – загаварыў бацька. – Картка ў цябе ёсць, я буду пераводзіць, як дамовіліся, кожны тыдзень патрэбную суму.
– Хатняй работніцы плаціць буду асабіста, так што глядзі, калі яна пачне тут упарціцца – тэлефануй, разбяруся, – умяшалася маці. – І глядзі, каб сапраўдныя абеды гатавала, каб было прыбрана ў кватэры ідэальна, каб было ўсё памыта і адпрасавана. Ёй не маленькія грошы плаціць будзем, будзь смялей і патрабуй выкання яе абавязкаў.
– Добра, добра, не хвалюйцеся, я ўсё помню.
Трэнькнуў званок – таксі.
На парозе кватэры развіталіся, яшчэ колькі хвілін – вось ён і адзін. На цэлых паўгода – толькі на Каляды выпадае бацькам невялікі адпачынак. Эх, хутчэй бы лета – бацькі абяцалі, што адзін летні месяц Юрый прабудзе ў іх – там, у тых казачных Эміратах…
Ніякіх асабістых зменаў у сваім жыцці Юрый не планаваў і не прадбачыў. Тое, што бацькоў не будзе цэлых паўгода ў кватэры – асабліва не хвалявала. Па сутнасці, яны і так бачыліся хіба што па вячэрах за агульным сталом, ды яшчэ у выхадныя дні – традыцыйны абед, але і то не кожную нядзелю. У бацькоў былі свае распарадкі, у Юрыя – свае. І ў апошнія два гады не так часта яны перасякаліся.
Недзе з гадоў 13 бацькі, лічы, цалкам сталі давяраць Юрыю – у яго на той узрост ужо ўпэўнена выбівалася наперад галоўныя рысы яго характару: самастойнасць і адказнасць. Свой пакой Юрый цалкам перарабіў на свой лад, свой час ён планаваў толькі сам. Бацькі былі задаволеныя і яго паводзінамі, і поспехамі ў вучобе, толькі маці ў 10–ым, паўгода таму, неяк была спытала:
– Я ніколі не заўважала, каб у цябе была дзяўчына… Не думаю, што ты ад нас нешта можаш хаваць…
– А навошта яна мне цяпер? – проста і шчыра адказаў Юрый. – У нашым узросце усякія заляцанні – глупства. Толькі час марнуеш і грошы. Іншы раз у нашым класе такія жарсці, а праз месяц – адзін смех і сорам застаюцца. Хіба не так?
– Вядома, так, – быццам і радасна ўсміхнулася маці, але ж нейкая іскрынка суму схавалася ў куточках вачэй.
Калі ўжо быць чэсным перад самім сабой да канца, то было ў Юрыя яго першае каханне. Тады яму было 14 год. Вядома, не ў сваю аднакласніцу ён закахаўся – у новую маладую настаўніцу па геаграфіі, учарашнюю выпускніцу універсітэта. Яна была прыгожая і незвычайная: хударлявая, з кароткай стрыжкай, апраналася заўсёды вельмі стыльна. Не, яна была не багіняй – гэта была фея з цудоўнай казкі…
Цэлы месяц Юрый чакаў урокаў геаграфіі як свята, рыхтаваўся… Ды што там рыхтаваўся! Ён, па першае, ці не палову падручніка наперад вывучыў напамяць. А колькі розных цікавых звестак на ўсіх тэмах навышукваў у Інтэрнэце! Аліна Іосіфаўна (так звалі настаўніцу) звярнула ўвагу на Юрыя, на яго старанне, і неяк яны разам з яшчэ трыма вучнямі з класа засталіся пасля заняткаў – абгаварыць распарадак падрыхтоўкі да алімпіяды. О, гэта быў цудоўны дзень, незвычайныя гадзіны… Яна былі амаль як роўныя, сядзелі блізка–блізка, і Юрый мог дакрануцца да пасмачкаў яе русявых валасоў…
А праз два дні здарылася бяда. Яна, Аліна Іосіфаўна, стаяла на пляцоўцы другога паверху, каля самых парэнчаў, і размаўляла з дзяўчынкамі. Юрый прайшоў міма, павітаўся, яна падарыла яму лагодную ўсмешку. Юрый акрылены стаў спускацца ўніз, і хоць нешта падказвала яму – непрыгожа так рабіць: глядзець знізу ўверх на жанчыну, якая стаіць ці не прама над табой, але ён зірнуў крадком. І яго апякло.
Яго, які выхоўваўся сярод поўнай бездакорнасці ва ўсім: у рэчах, словах і справах, проста асляпіла няроўная светлая пляма на цёмных калготах настаўніцы з унутранага боку хударлявых сцёгнаў.
Настаўніца насіла ірваныя калготы.
Яго бездакорная, яго ідэальная, лёгкая і казачная фея мела дачыненне да простых дзірак на адзенні.
Яна, там, наверсе, быццам адчула гэты пякучы позірк – пераступіла нагамі, рукі яе шчыльна прыціснулі да ног спадніцу. І яшчэ яна глянула ўніз – і сустрэлася позіркам з Юрыем. І зразумела, што ён пабачыў. І Юрый зразумеў, што яна зразумела, што ён пабачыў.
Стала сорамна – проста невыносна сорамна. Яго злавілі ці не за руку на ганебным учынку.
Праз дзень быў урок геаграфіі – і першы раз Юрый не пайшоў на ўрок без паважлівай прычыны: збегаў у медпункт і ўзяў там даведку, што ў яго тэмпература (урач – сяброўка маці, але першы раз за звесь час Юрый скарыстаў гэтую акалічнасць).
Ён прасядзеў тыя 45 хвілін у Інтэрнэт-кафэ, а малюнак стаяў у яго перад вачыма. Не, ён не надта дакараў сябе, што зазірнуў пад спадніцу жанчыне. Нічога страшнага тут не было. Было балюча, што гэта жанчына так падманула яго – пад спадніцай хаваліся ірваныя калготы. Хто ведае, магчыма, яны “паехалі” літаральна гадзіну назад – Юрый ведаў, што такое можа быць. Магчыма, яна, настаўніца, апраналася раніцай, пацягнула…
І намаляваўся малюнак: настаўніца апранаецца. Яго Аліна Іосіфаўна апранецца. А перад тым, як апранацца, яна ўстае з ложку, ў бялізне. Што на ёй апранута? Доўгая начная кашуля ці піжама? Вось яна скідвае гэта…
І тут як апякло Юрку: настаўніца ж пэўна як ён сам, як усе людзі ў гэтым горадзе кіруецца ранкам у туалет.
Рукі яго ажно замерлі – адна на клавіятуры, другая на мышцы. Гэта было нечакана – і гэта было немагчыма. Юрый гнаў прэч, як толькі мог, думкі пра гэта, але нешта там у галаве малявала і малявала вобраз маладой настаўніцы… у туалеце.
О, божухна!
І яшчэ гэтыя ірваныя калготы…
А потым Юрый раптоўна заспакоіўся, быццам нехта на распаленае каменне ў яго душы выліў вядро ледзяной вады – і вось пар сышоў. І нічога не засталося, толькі разважлівасць і розум.
Казка закончылася. Вось толькі што ён быў па гэты бок сцэны лялечнага тэатра, любаваўся і суперажываў героям, усе пачуцці яго былі з імі, ён верыў ім, іх словам… А потым яго раптоўна штурхнулі туды, куды гледача не пускаюць – за сцэну. І ён пабачыў мёртвыя бязногія лялькі, якія, як вычварныя пальчаткі нацягвалі на свае рукі хітрыя артысты.
Прыгадаў яшчэ – настаўніца толькі тры разы за гэты месяц заняткаў мяняла адзенне. Дакладна гэта. Значыць, яе стыльнасць – гэта старанна завуаляваная яе ж бядота. Ірваныя калготы – таму пацверджанне…
На наступны урок па геаграфіі Юрый ішоў так, як і на любы іншы: старанна падрыхтаваны, заспакоены, упэўнены ў сваіх ведах і ў тым, дзеля чаго ён ідзе на гэты ўрок: каб адказаць і атрымаць добрую адзнаку.
І некалішняя фея Аліна Іосіфаўна зайшла ў клас самай звычайнай, хіба што маладой, нявопытнай настаўніцай, якая здымае кватэру недзе на ўскраіне горада, атрымлівае зусім яшчэ невялікую зарплату. Адкладвае грошы на нешта – можа, на кватэру ці выплачвае крэдыт, які брала на вучобу. Бо і харчуецца дрэнна: скура на твары хваравіта–бледная, пад вачамі угадваюцца цемнаватыя кругі. Як ні пэцкае яна свой твар рознымі таніруючымі крэмамі…
Такое вось было каханне у Юркі. Першае яго каханне і пакуль другога не прадбачыцца. Для сябе з гэтага кахання Юрый зрабіў вельмі важкую выснову: нават самая цудоўная жанчына застаецца жывым стварэннем, якому акрамя ўсяго іншага трэба і спраўляць свае фізіялагічныя патрэбы… Ён засяродзіўся тады на пытаннях прыгажосці: адкуль бяруцца ідэалы? Перачытаў многа і паступова адказ сфарміраваўся – просты, як усё зямное. Прыгажосць – гэта чалавечай практыкай прадыктаваная неабходнасць, умова гарантаванага працягу чалавечага роду. Нідзе не крывая жанчына, скура белая, чыстая – здаровая. Ногі прыгожыя роўныя – многа будзе хадзіць па лесе і шукаць ежу, не стамляючыся. Клубы поўныя і таз шырокі – лёгка народзіць, дзіця не атрымае пры родах траўму. Грудзі поўныя – малака хопіць дзіцяці. Валасы доўгія густыя – таго дзіця прыкрые, як карміць будзе, ад дажджу і ветру. І кожная рысачка на твары – то яшчэ ў дзікунстве вызначаныя адзнакі выжывання. Бровы густым паўкружжам – пот з ілба не патрапіць у вочы, вейкі густыя таксама вочы захаваюць. Зубы роўныя і здаровыя – тут зразумела без тлумачэнняў…
Вось і ўся таямніца прыгажосці – ідэальна здаровае цела, ідэальна падрыхтаванае для жыцця, для працягу роду. І ў гэтым толькі пацверджанне таму, што адмысловыя ў сваіх фізічных памерах рэчы здаюцца нам прыгожымі і прываблівымі. Юрый адкрыў для сябе “залатое сячэнне”. Ну, не адкрыў, да яго адкрылі, але цяпер, ведаючы аб ім, ён мог адказаць любому і найперш сабе: чаму прыгожым з’яўлецца матылёк (залатое сячэнне ў памерах крылаў), чаму вабяць архітэктурныя збудаванні (той жа прынцып прапорцый).
Юрый ў нечым быў удзячны таму выпадку, калі зазірнуў пад спадніцу настаўніцы – ён адкрыў для сябе матэматычнае і гістарычнае тлумачэнне прыгажосці. Яшчэ адна белая пляма гэтага жыцця напоўнілася раўнюсенькімі радкамі зразумелых тлумачэнняў.
Але, калі быць да канца шчырым, з–за аднаго Юрый трохі нерваваўся, адно не давала яму быць упэўненым у сабе да канца. Няхай і не суправаджала яго гэтае пачуццё ўвесь час, але для сябе ён зазначыў, што яму варта не адставаць ад тых хлопцаў аднакласнікаў, што паспыталі (чуткаў хапала) першую блізкасць. Яму 17 праз месяц…
Добра было некалі – у той жа дарэвалюцыйнай Расіі існавалі дамы цярпімасці. І многія маці лічылі за неабходнае, каб іх сын пры дасягненні нейкага ўзросту пабываў там, з вопытнай жанчынай, якая б пазнаёміла яго з жаночым целам, навучыла… Глядзіш, ужо б да сапраўднай першай блізкасці ты быў бы падрыхтаваны, нешта б умеў. А то, як не атрымаецца што, такую траўму псіхалагічную атрымаць можна…
Але цяпер, калі ён застаўся гаспадаром у кватэры (хатняя работніца – не ў лік, яна прыходзіць у вызначаны час), ён запланаваў для сябе і “навучанне сексу”, як сам назваў магчымую наперадзе дзею. Як тое будзе – ён яшчэ не ведаў. Яшчэ з сярэдзіны лета ён пакрысе абдумваў магчымае вырашэнне сваёй праблемы. Інтэрнэт павінен дапамагчы і тут , вырашыў ён, калі праглядваў розныя сайты знаёмстваў. Грошай збярэ, гэта не пытанне. Іншая справа, што любая сувязь можа мець непрыемныя наступствы. І тут не тое, што хваробы. А вось прыйдзе якая ў яго кватэру, а потым не выганіш. Чорт яго ведае, як паступіць. Гатэль у другім горадзе? Эх, шкада, што няма нармальнага дома цярпімасці. Цывілізаваны падыход да такой праблемы адсутнічае…
Зрэшты, для Юрыя не было праблем важных і не вельмі важных. Якое б пытанне не паўставала перад ім, ён заўсёды адносіўся да яго з самай поўнай сурь’езнасцю. Не трэба думаць, што ён зацыкліваўся на рашэнні. Не, тое ці іншае пытанне займала сваё месца ў шэрагу задач для вырашэння пасля вызначэння яго прыярытэту па схеме: “тэрмінова–церпіць”, і Юрый жыў сваім звычайным жыццём, проста маючы на ўвазе ўсе гэтыя пытанні з задачкамі, недзе набліжаў пры магчымасці абставіны для вырашэння, недзе яны вырашаліся мімаходам. Але не забываўся ні на што ніколі – ён сам прывучыў сябе да гэтага: нават на дробязь забываць нельга.
6
– Чуеш, Юрыс, у мяне камп’ютэр ёсць, новы, – па змоўніцку звярнулася Кацярына да хлопца, калі празвінеў званок на перапынак.
– Ух ты, на агурках зарабіла? – шчыра здзівіўся Юрыс. – Новы? І з монікам на 19?
– Ты пра што?
– Ат, вам не камп’ютары, а лялькі яшчэ трэба, – пачаў было Юрыс, але пабачыў сурь’ёзны позірк Кацярыны, патлумачыў: – Монік – манітор. 19 – гэта велічыня манітора па дыяганалі, 19 дзюймаў. Ну, так прынята, у дзюймах мераць. 19 – гэта вялікі. Не трубка, думаю?
– Ізноў? – прыжмурылася яшчэ больш Кацярына.
– Ну, манітор у цябе такі плоскі, як кніжка, ці як тэлевізар? Такі, як тэлевізар – гэта на электронна–прамянёвай трубцы. Іх амаль не выпускаюць. А плоскі – гэта жыдка–крысталічны. Як у ноутбуках.
– Зразумела, – адказала Кацярына. – Плоскі манітор і вялікі. Астатняе не ведаю. Да Інтэрнэта мяне падключылі, але… Карацей, мне патрэбен лікбез. Сёння ў цябе якія планы?
– Цябе вучыць! – выпаліў Юрыс хутка. – А маці не пагоніць?
– Не пагоніць… – Кацярына задумалася на хвіліну: казаць ці не казаць, вырашыла – лепей не казаць, сам убачыць і зразумее. – Тады пайшлі пасля школы адразу?
– Ага, пайшлі, – загарэўся Юрыс. – Колькі разам правучыліся, а як хто з аднакласнікаў жыве дык і не ведаеш пра каторага, – закончыў ён з роздумам.
– А абавязкова ведаць? – хітравата спытала Кацярына.
– Пра некаторых хацелася б, – незразумела адказаў хлопец, і яна больш не стала пытацца.
Патэлефанавала Ганне Міхайлаўне, павінавацілася, што не папярэдзіла адразу і папрасіла дазволу прыйсці з аднакласнікам, каб дапамог разабрацца ў камп’ютарных хітрасцях.
– Што ты так пытаешся, Кацярынка? – адказала Ганна Міхайлаўна. –Гэта ж твой дом, ты гаспадыня тут таксама. Дзякуй, што папярэдзіла, я хоць накіну на сябе што лепшае, каб не сароміць цябе перад маладым чалавекам…
Кацярыне падалося, што ў гэты момант Ганна Міхайлаўна падмігнула. Вось жа, Юрыс – толькі сябар. Добры сябар і цэлы месяц ужо сядзяць яны разам, і Кацярыне добра і спакойна, і цікава з Юрысам. Ён і праўда перамяніўся. Хоць ніколькі не стаў спакайнейшым, але зніклі пошлыя жартачкі ў адрас дзяўчат, засталіся толькі жарты. Іншы раз – такія трапныя, адмысловыя. Не засумуе сам і табе не дасць.
Выйшлі са школы, Кацярына загаварыла сама:
– Ты слухай і запамінай. У мяне пэўныя змены ў сямейным жыцці…
– Ай, ты замуж выйшла? – ці не па–сапраўднаму спужаўся Юрыс. – Калі?
– Не прыдурвайся! – Кацярына зразумела, што сама сказала амаль глупства, адмахнулася ад прыкрасці. – Так прывыкла за гады, што мне за малымі глядзець увесь час, што і на самой справе кажу пра свае сямейныя праблемы, – у роздуме закончыла яна. – Так што так і ёсць – мае сямейныя справы… Дык вось… Мая маці выйшла замуж. Летам. Яны вырашылі жыць разам у нашай кватэры. А паколькі там мне няма цяпер месца, то мне прапанавалі жыць у кватэры, дзе жыў да гэтага муж маёй маці. Там жыве яго маці, жанчына вельмі добрая, завуць яе – не забудзь – Ганна Міхайлаўна. У мяне свой асабісты пакой, у яе – свой. Наша агульная тэрыторыя – кухня.
– Ого, якія справы, – працягнуў Юрыс. – Ты цяпер цалкам самастойны чалавек, свой дом, ніякай кантралюючай арганізацыі зверху. Бабка ж у твае справы не лезе?
– Не трапіся, – пасур’ёзнела Кацярына. – Мне ніякіх кантроляў не трэба было і раней. І гэта не бабка, а Ганна Міхайлаўна. Паўтараю – цудоўны чалавек. Не пакрыўдзі яе.
– Ну, галава ж у мяне яшчэ шапку носіць, – паціснуў плячыма Юрыс. – У мяне таксама бабуля была… Але ўрэдная: казала на мяне, што я ветрагон і лайдак.
– Гэта яна цябе выхоўвала. І праўду казала.
– Ага, выхоўвала…
Ганна Міхайлаўна сустрэла Кацярыну і Юрыса ў пярэдняй.
– Праходзьце, праходзьце, малады чалавек, – пасля прывітання казала яна да Юрыса. – Гарбаткі папьяце? Ці потым?
– Ой, мы потым, калі можна, Ганна Міхайлаўна, – крыху сумелася Кацярына, мо з–за гэтага “малады чалавек” да Юрыса. – Мне Юра раскажа, як камп’ютэрам карыстацца правільна…
– Добра, займайцеся сабе. У мяне сёння атрымалася цудоўнае пячэнне, так што запрашаю вас пачаставацца, – усміхнулася старая.
– Я люблю пячэнне, – асмялеў Юрыс. – Каць, я магу цябе вучыць і есці…
– То я згатую і скажу вам, піце сабе тут…
– Не–не, Ганна Міхайлаўна, мы пап’ем разам з Вамі, – заспяшалася Кацярына. Ёй было нешта трошкі не па сабе з–за такой гасціннасці старой. Няхай бы яна не ўмешвалася з гарбатай. Але было і прыемна бачыць яе адносіны да першага госця Кацярыны ў гэтым доме…
– Добра, Кацечка, займайцеся…
Юрыс цмокаў языком, аглядаючы камп’ютар, шчоўкаў мышкай, глядзеў некія даведачныя даныя.
– Ух ты, добрая цацка, добрая… ну, тлумачу, слухай уважліва…
Хвілін сорак ён тлумачыў Кацярыне: як працаваць на форумах, як лепш карыстацца пошукам і якім пошукавіком, што такое нік і акаунт, які лепш задаваць пароль.
– Самы складаны пароль заўсёды самы просты. Пераключаеш раскладку на ангельскую, а рускімі літарамі набіраеш, напрыклад, імя сваёй маці, наперадзе ставіш свой год нараджэння. А яшчэ першую ці апошнюю літару ці яшчэ якую пішаш вялікай… Нік лепш прыдумаць адзін і ім карыстацца пастаянна, блытацца не будзеш. От, табе пойдзе Кэт, але такіх нікаў поўна… Давай …
– Давай Чорная Кошка, – перабіла Кацярына.
– Чаму? – здзівіўся Юрыс. – Ніякая ты не чорная…
– Я – Чорная Кошка, якая гуляе сама па сабе, – заўпарцілася Кацярына з усмешкай.
– Ну, рэгіструйся сама тут… Потым я пакажу, як паштовую скрынку аформіць, паштавік настрою…
Яны сядзелі на двух стулах блізка адзін да аднаго, краналіся плячыма. Калі – каленямі, але не зважалі як быццам увагі на такія дотыкі. Толькі іншы раз Кацярыне здавалася, што Юрыс ад асобных дакрананняў коратка ўздрыгваў…
Дзверы ў пакой заставаліся адчыненымі, але Ганна Міхайлаўна ўсё адно пастукала:
– Маладыя людзі, вы ж галодныя… Кацярына, што твой госць падумае пра мяне?
– Нічога ён не падумае, Ганна Міхайлаўна, – адгукнулася Кацярына. – Ён хлопец мужны, вынослівы…
– Я падумаю, што мяне тут эксплуатавалі на поўную катушку нават не далі перад гэтым і ў час гэтага вады простай напіцца, – паскардзіўся Юрыс.
– Ой, так цябе і эксплуатавалі, – засмяялася Кацярына. – Ганна Міхайлаўна, не верце яму. Ён ля гэтага камп’ютара гатовы дзень сядзець і ноч начаваць. І есці не папросіць.
– Гарбаты папрашу. І пячэнне абяцалі, – пакрыўджаным тонам адазваўся Юрыс.
– Ну, то прашу за стол, – без усмешкі, нават строга сказала Ганна Міхайлаўна.
Сядзелі за сталом на кухні, калі заспяваў Юрысаў тэлефон.
– Ды я тут, маці, мяне нейкім адварам пояць, кажуць, што гарбата сапраўдная на зёлках, але што там за зёлкі – не ведаю, – стаў адказваць ён. – Не, ну праўда, ніякае не піва. Кажу табе – гарбата. Ды я ў Каці нашай. Ну, нашага старасты, дапамог ёй тут з камп’ютарам. Кажу, спойваюць нечым. Прыварожваюць, мабыць. Ага, я ўжо адчуваю… Не, хутка не абяцаю. Ужо дзейнічаюць зёлкі… Жэняць, праўда жэняць…
Тэлефон выключыў, хітравата паглядзеў на Ганну Міхайлаўну і Кацярыну і спакойна папрасіў:
– А я яшчэ б кубачак выпіў…
– Ух, я б табе зараз… – працадзіла разгублена Кацярына – яна не чакала такога яўнага нахабства – што можа падумаць Ганна Міхайлаўна?
Але тая толькі ўсміхалася:
– Вясёлы, вы, малады чалавек. А кубачак я яшчэ налію. На здароўе…
Калі Юрыс падзякаваў – хутка і нечакана (але, заўважыла Кацярына, якраз у час, каб не ўсталявалася за сталом непрыемная паўза), Ганна Міхайлаўна, як між іншым заўважыла:
– Добры ў цябе аднакласнік. Не злы, душа адкрытая. Такі камень за пазухай трымаць не будзе.
– Ага, цяпер ён пасталеў. А раней чырванела ад яго жартачак, – нечакана прызналася Кацярына. – Пад’юджваў больш, а не жартаваў. І крыўдна было…
– Ну, значыць, не быў раўнадушным, – спакойна сказала Ганна Міхайлаўна і дадала: – І цяпер не раўнадушны…
– Ой, ды што Вы? – адмахнулася Кацярына. – Мы з ім разам сядзім цяпер, бо і ён, і я без пары асталіся. Мы сябруем проста…
– Сябруйце сабе, – загадкава ўсміхнулася старая. – Сябруйце…
Пасля таго, як падрыхтавала дамашняе заданне, Кацярына уключыла камп’ютэр, зайшла ў Інтэрнэт. Зайшла на свой гарадскі форум і зарэгістравалася пад новым нікам – Менеджэр. Пачытала тэмы, але нідзе адказваць не спяшалася. Пазнала на форуме Юрыса, Віктара, Юру Хаванскага.
Выйшла, зайшла пад нікам Чорнай Кошкі. Яе чакала пісьмо ў асобцы – ад Юрыса: “Чаму маўчыш? Заходзь у тэму пра новыя фільмы, там зараз вельмі тлумна, такую тэму завярнулі!”.
Але Кацярына нават не стала адказваць.
Яна адразу ж для сябе вырашыла, што ніхто не даведаецца, пад якім нікам на форуме будзе яна на самой справе. Чорная Кошка будзе гуляць сама па сабе. Бо ёсць у яе тут толькі ёй вядомыя справы…

  Каментарыяў: 4 | Праглядаў: 8611 | распечатать

Раздзел: УРОКІ ПЕРШАГА КАХАННЯ |
  (1.12.2009 - 10:06) цитировать
 
 
  Учора не змагла ў бібліятэцы адарвацца ад "Маладосці". Пакуль не дачытала да апошняга радка, не супакоілася. Мне спадабалася! Нават ёсць нейкая містыка: я таксама Каця, і ў мяне знаёмы Юрый. Але мне здаецца занадтай гэтай гульня Сћ Інтэрнэце (яшчэ памятаю Лёшкава каханне). Хочацца новага.
Ответ от Valeriy
Дзякуй!
Што ж, новае будзе - дзве наступныя аповесці. І там гульняў у асьцы больш няма.smile
 
 
 
  (5.02.2010 - 23:24) цитировать
 
 
  Очень очень интересное произведение!!!up
И ещё очень очень жаль, что нет на сайте продолжения..хотелось бы прочитать, а у нас в библиотеке нету "Маладосці"((((
 
 
 
  (6.10.2011 - 08:00) цитировать
 
 
  Хм, кто б мог подумать =) Ваши слова меня заставили задуматься =)
 
 
 
  (12.03.2015 - 12:41) цитировать
 
 
  biggrin
 
 
 
 
       
 
Copyright © 2007-2008
Беларуская проза
Ремонт окон в Минске